ЗАТ «Мінскі інструментальны завод» займае адно з вядучых месцаў сярод краін СНД і Балтыі па выпуску інструменту для метала- і дрэваапрацоўкі, а таксама інструменту бытавога прызначэння.
Прадпрыемства было створана 10 красавіка 1945 г., выпуск першай прадукцыі адбыўся ў 1946 г. У першыя гады сваёй дзейнасці завод асвоіў вытворчасць канцавых, тарцовых, насадных і цыліндрычных фрэз, выпуск адразных і праразных фрэз, сегментаў і сегментных піл і нажовачных палотнаў. У 1950–1960-я гг. прадпрыемства пачало выпускаць хуткарэзныя такарныя разцы, у тым ліку і з цвёрдасплаўнымі пласцінамі, фрэзы адразныя і праразныя дыяметрам да 200 мм, ручныя і машынныя нажовачныя палотны і інш.
Да 1990 г. завод не толькі асвоіў выпуск вялікай колькасці найменняў адразнога металарэзнага інструменту, але і пачаў вытворчасць біметалічных стужачных піл. Прадукцыя прадпрыемства дзеліцца на тры катэгорыі: інструмент для апрацоўкі металу; інструмент для апрацоўкі неметалічных матэрыялаў; інструмент агульнага прызначэння. Завод аказвае кліентам шэраг паслуг: расточванне; тэрмаапрацоўка; раскрой металу; плазменная рэзка; выраб штампаў; рамонт і заточванне інструменту; плоскашліфавальныя работы; універсальныя такарныя работы; універсальна-фрэзерныя работы; выраб інструменту па індывідуальным заказе. Вопытны калектыў спраўляецца з самымі складанымі задачамі кліентаў. ЗАТ «Мінскі інструментальны завод» з’яўляецца флагманам у вытворчасці інструменту, выпускае прадукцыю ў адпаведнасці з нацыянальнымі і міжнароднымі стандартамі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.