Назва населенага пункту паходзіць ад тэрміна “абчаг”, што азначае “агульны”, “агульная пашня”. Гісторыя Абчугі пачынаецца з XVII ст. У дакументах таго часу яна называецца вёскай. Была нанесена на выдадзеную ў 1613 г. у Амстэрдаме карту Вялікага Княства Літоўскага, складзеную Т. Макоўскім. Згодна інвентару 1670 г. яна з’яўлялася сялом з царквой і знаходзілася каля маёнтка Чарэя ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводства.
У 1713 г. Абчуга з’яўлялася мястэчкам з 83 дварамі і 24 валокамі зямлі – уладаннем канцлера А. Сапегі. На працягу XVII ст. яе ўладальнікі змяняліся некалькі разоў і ў канцы 1790-х гг. Абчуга належала Віленскаму кляштару піяраў. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) яна ўвайшла ў склад Расійскай Імперыі як цэнтр воласці і адначасова ўласнасць памешчыка І. Нітаслаўскага.
У час Айчыннай вайны 1812 г. мястэчка было разбурана французскімі войскамі, аднак потым адноўлена. У 1847–1852 гг. узведзена Спаса-Праабражэнская царква. У 1869 г. адкрыта народнае вучылішча. На 1880 г. у мястэчку жыло 678 жыхароў, налічвалася 77 двароў, дзейнічалі валасное праўленне, 3 культавыя будынкі (2 праваслаўныя царквы і яўрэйская малітоўная школа), 2 вадзяныя млыны. У 1890 г. быў адкрыты вінакурны завод з паравым рухавіком, на якім працавала 6 рабочых.
Згодна з першым перапісам Расійскай Імперыі 1897 г. у мястэчку колькасць насельніцтва складала 861 чалавек, было 112 двароў, меліся гарбарны завод, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, карчма, 2 вінныя крамы, заезны двор, лячэбніца, вадзяны млын. У пачатку ХХ ст. Абчуга была валасным цэнтрам Сенненскага павета Магілёўскай губерні. У 1917 г. тут жыло 783 чалавекі і было 125 двароў. З лютага да лістапада 1918 г. знаходзілася пад акупацыяй германскіх войск.
З 1919 г. Абчуга ў складзе Віцебскай губерні была аднесена да тэрыторыі РСФСР, у 1924 г. увайшла ў склад БССР і 20 жніўня гэтага года ў статусе вёскі стала цэнтрам сельсавета Чарэйскага раёна Барысаўскай акругі (з чэрвеня1927 г. – Аршанскай акругі). У вёсцы пачалі працаваць ільнозавод, завод па вырабу драўляных цвікоў, дзейнічала пачатковая школа, млын, кузня, хата-чытальня. У 1930 г. арганізаваны калгас “VI з’езд Саветаў”. 8 ліпеня 1931 г. вёска была аднесена да Крупскага раёна, з 20 лютага 1938 г. – у складзе Мінскай вобласці.
Вялікая Айчыная вайна пакінула трагічны след у гісторыі населенага пункта. 28 чэрвеня 1941 г. Абчуга была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія сталі праводзіць у дачыненні да мясцовага насельніцтва палітыку генацыду. Ахвярамі гітлераўцаў сталі каля 30 жыхароў. У пачатку мая 1942 г. на ўскраіне вёскі была расстраляна вялікая колькасць яўрэяў і спалены 52 двары. Акупацыя вёскі працягвалася да 27 чэрвеня 1944 г. Адметнай падзеяй вызвалення Абчугі стаў подзвіг, які здзейсніў каля вёскі Іван Астапавіч Мазгавой, удастоены звання “Герой Савецкага Саюза”. Яго экіпаж рамантаваў у вёсцы свой танк, калі праз Абчугу праходзіла калона нямецкай тэхнікі. У няроўным працяглым баі І.А. Мазгавой і яго паплечнікі сумелі перамагчы ворагаў. У памяць аб салдатах Чырвонай арміі і партызанах, якія загінулі пры вызваленні вёскі, а таксама аб жыхарах, закатаваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі, устаноўлены помнік на брацкай магіле, на месцы расстрэлаў – абеліск.
У пасляваенны час аднавіў працу калгас, які ў 1950 г. увайшоў у склад калгаса “Барэц”, адкрыта школа рабочай моладзі. Згодна з перапісам 1959 г., тут было 746 жыхароў. З 1960/1961 г. вёска стала цэнтрам саўгаса “40 гадоў Кастрычніка”, з 1961 г. – калгаса “Абчуга”. У 1998 г. налічвалася 138 гаспадарак, пражывалі 323 жыхары.
22 сакавіка 2011 г. Абчуга стала аграгарадком. У ім працуюць сярэдняя школа, клуб, бібліятэка, амбулаторыя, аптэка, дзіцячы садок, аддзяленне сувязі, крама і інш. 28 мая 2013 г. Абчугскі сельсавет быў ліквідаваны, а паўнамоцтвы перададзены Акцябрскаму сельсавету.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 годзе.