Дата пачатку: 1468 Гродзенская вобласць
Кароткая даведка: цэнтр раёна Гродзенскай вобласці
Назвы на іншых мовах: Островец (руская);
Горад Астравец, адзін з раённых цэнтраў Гродзенскай вобласці, размешчаны на берагах р. Лоша, за 250 км на паўночны ўсход ад Гродна, 4 км ад чыгуначнай станцыі Гудагай на лініі Маладзечна – Вільнюс . Аўтамабільнай дарогай звязаны з Ашмянамі.
Паводле меркавання вучоных, назва горада мае славянскае паходжанне і ўтвараецца ад слова востраў (на правым беразе Лошы некалі існавала ўмацаваная выспа). Па пісьмовых крыніцах Астравец вядомы як уласнасць Гаштольдаў у Віленскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У 1468 г. кіеўскі ваявода М. Гаштольд заснаваў там касцёл і кляштар дамініканцаў. У 1542 г. маёнтак перайшоў да вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога, які падараваў яго свайму сыну Жыгімонту Аўгусту. Пазней Астравец належаў Карыцкім, С. Хадкевічу, А. Клейнафу, В. Дыбоўскаму, М. Вольскаму і інш. У 1600 г. стаў уласнасцю А. Гнаінскай, якая запісала Астравец на свайго мужа Я. Корсака, земскага пісара Ашмянскага павета. У гэтым жа годзе згадваецца Астравецкі парафіяльны касцёл, які Корсакі павялічылі за кошт ахвяравання. У 1616 г. яны заснавалі новы драўляны храм (у 1630 г. пацярпеў ад моцнага пажару). У 1787 г. на яго месцы быў пабудаваны Казьмадзям'янаўскі касцёл.
Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Астравец увайшоў у склад Расійскай Імперыі. У ХІХ ст. быў прыватнай ўласнасцю Кастравіцкіх і Сыцянкоў. У 1818 г. там налічвалася 30 двароў. У 1886 г. набыў статус мястэчка, дзе працавалі млын, піларама, цагельня, бровар, тартак, майстэрня дрэнажных труб. У 1888 г. конная чыгунка злучыла мястэчка са станцыяй Слабодка (Гудагай). У 1897 г. дзейнічалі народнае вучылішча, хлебанарыхтоўчы магазін, 2 малочныя лаўкі, карчма, цагельны завод. У 1910–1911 гг. на парафіяльныя сродкі быў пабудаваны з цэглы Крыжаўзвіжанскі касцёл.
Пачынаючы з 1905 г. на працягу двух гадоў на тэрыторыі Астраўца і ў яго наваколлі адбываліся сялянскія хваляванні, дзейнічала «Астравецкае таварыства», звязанае з Віленскай арганізацыяй РСДРП. У час Першай сусветнай вайны ў 1915–1918 гг. мястэчка было акупіравана войскамі кайзераўскай Германіі. Нямецкія ўлады ўстанавілі там строгі рэжым. Многія жыхары былі выселены ў канцэнтрацыйныя лагеры, што знаходзіліся ў ваколіцах вёсак Сувалкі і Падброддзе, некаторых вывозілі ў Германію, за выступленне супраць людзей расстрэльвалі. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 г., якая адбылася ў Германіі, пачалося адступленне германскіх войск з тэрыторыі Беларусі. У лютым 1919 г. Чырвонай Арміяй быў вызвалены Астравец, дзе адразу ўсталявалася савецкая ўлада, кіруючымі органамі якой станавіліся рэвалюцыйныя камітэты (рэўкомы). Першы з іх утварыўся ў Астраўцы з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва. 1 студзеня 1919 г. рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі абвясціў аб стварэнні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. У яе склад увайшоў Астравец. Аднак савецкая ўлада пратрымалася нядоўга: у красавіку – маі 1919 г. войскі Польшчы захапілі Вільню і прылеглыя беларускія землі, сярод якіх была Астравеччына. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 г. Астравец увайшоў у склад Польшчы. У 1938 г. стаў мястэчкам, дзе было 108 двароў, налічвалася 580 жыхароў. З 1939 г. у складзе БССР. З 15 студзеня 1940 г. цэнтр Астравецкага раёна Вілейскай вобласці. У чэрвені 1941 г. Астравец быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 3 ліпеня 1944 г. партызаны вызвалілі яго і да прыходу Чырвонай Арміі ўтрымлівалі ўласнымі сіламі. У красавіку 1958 г. Астравец стаў пасёлкам гарадскога тыпу. 14 чэрвеня 2007 г. быў афіцыйна зацверджаны яго герб і сцяг, 4 красавіка 2012 г. атрымаў статус горада. 26 лютага 2013 г. у склад Астраўца ўвайшлі вёскі Бялькішкі, Кавалі і хутар Каменка.
На 1 студзеня 2017 г. у Астраўцы налічвалася больш за 10 тыс. 250 жыхароў. Сучасны горад развіваецца паводле генеральнага плана 1992 г. Там працуюць гімназія, 2 сярэднія і музычныя, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, некалькі дашкольных устаноў, бальніца, паліклініка, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, 2 бібліятэкі, Дом культуры, гасцініца, рэстаран, кафэ. Пабудаваны пяціпавярховыя жылыя дамы ва ўсходняй частцы горада, гандлёвы комплекс, будынкі «Беларусбанка», раённага аддзела ўнутраных спраў. Прамысловасць горада прадстаўлена харчовай, дрэваапрацоўчай вытворчасцю, прадпрыемствамі будаўнічых матэрыялаў. За 18 км ад горада будуецца першая ў Беларусі атамная электрастанцыя. Сярод помнікаў архітэктуры – Астравецкі Казьмадзям'янаўскі (1787) і Крыжаўзвіжанскі (1911) касцёлы, вадзяны млын (1-ая палова XX ст.), царква Святых апосталаў Пятра і Паўла (1998); помнікі савецкім воінам і партызанам (1975), У.І. Леніну (1968), дыпламату, вучонаму-мовазнаўцу, натуралісту І.А. Гашкевічу (1994), мемарыяльныя дошкі партызанам (1968), супрацоўнікам міліцыі (1970).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2018 г.