Ушачы – гарадскі пасёлак у Віцебскай вобласці, цэнтр Ушацкага раёна. Знаходзіцца за 150 км на захад ад Віцебска, у 36 км ад чыгуначнай станцыі Лепель. Вузел аўтамабільных дарог на Мінск, Віцебск, Полацк, Лепель, Глыбокае, Докшыцы. Размешчаны на р. Ушачы.
Паселішча вядома з XVI ст. як сяло ў Полацкім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага, уладанне полацкага мешчаніна Еўлашкі Кошчыца. У XVI ст. сяло стала ўласнасцю пана Андрэя Сялявы. З 1594 г. з’яўлялася цэнтрам Ушацкай воласці. У 1667 г. ва Ушачах дзейнічалі царква, манастыр, карчма, працавала прыстань, двойчы ў год праводзіліся кірмашы. У XVII–XVIII ст. Ушачы належалі прадстаўнікам шляхты – Шчытам, Жабам, Плятэрам. У 1716 г. падваявода полацкі Іеранім Жаба заснаваў касцёл і кляштар дамініканцаў з броварам, лазняй, шпіталем, школай, гаспадарчымі пабудовамі. У 1758 г. Ушачы атрымалі магдэбургскае права і герб: выява Святога Лаўрэнція ў белым полі каля залатой ракі.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772), калі Полацк адышоў да Расійскай імперыі, Ушачы сталі цэнтрам Полацкага ваяводства, пасля 2-га падзелу (1793) – заштатным горадам у Лепельскім павеце Полацкай, з 1796 г. – Беларускай, з 1802 г. – Віцебскай губерняў. У пачатку XIХ ст. Ушачы з’яўляліся мястэчкам і маёнткам памешчыкаў Плятэраў. У час вайны 1812 г. тут некаторы час размяшчаўся рускі корпус пад камандаваннем графа Пятра Вітгенштэйна. У 1864 г. ва Ушачах пачало працаваць народнае вучылішча, у 1890 г. адкрыта царкоўнапрыходская школа. Паводле перапісу 1897 г. у мястэчку пражывала 1268 жыхароў, налічвалася 170 двароў, дзейнічалі гарбарны і паташны заводы, вадзяны млын, паштовае аддзяленне, 4 яўрэйскія малітоўныя дамы, аптэка, лячэбніца і інш. З 2 лютага 1919 г. Ушачы знаходзіліся ў РСФСР, з сакавіка 1924 г. увайшлі ў склад БССР, з 17 ліпеня 1924 г. да 26 ліпеня 1930 г. з’яўляліся цэнтрам Ушацкага раёна Полацкай, з 21 чэрвеня 1935 г. – Лепельскай акруг. У 1933 г. у мястэчку працавалі хлебапякарня, маслазавод, сукнавальня, машынна-трактарная станцыя, калгас “Пралетарый”, дзейнічалі ганчарная майстэрня арцелі “Чырвоны будаўнік”, шавецкая майстэрня арцелі “Перамога”, кравецкая майстэрня “1 мая” і інш. 20 лютага 1938 г. Ушачы ўключаны ў Віцебскую вобласць, з 27 верасня 1938 г. сталі гарадскім пасёлкам.
3 ліпеня 1941 г. Ушачы былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У гады акупацыі тут дзейнічалі патрыятычнае падполле, падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады. У канцы верасня 1942 г. партызаны разграмілі мясцовы варожы гарнізон і вызвалілі Ушацкі і суседнія раёны ад фашыстаў. Была створана Полацка-Лепельская партызанская зона з цэнтрам ва Ушачах, у якой дыслацыраваліся штабы аператыўнай групы ЦК КП(б)Б, Беларускага партызанскага руху, партызанскай брыгады імя В.І. Чапаева. На тэрыторыі партызанскай зоны размяшчаліся тэлефонны вузел, электрастанцыя, тыпаграфія, лесазавод. 30 красавіка 1944 г. Ушачы былі зноў захоплены гітлераўцамі, паўторна вызвалены 29 чэрвеня 1944 г. войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў ходзе Полацкай аперацыі.
У 1977, 1990 і 2012 гг. былі распрацаваны генеральныя планы будаўніцтва гарадскога пасёлка. Рака Ушача падзяляе яго на дзве часткі: правабярэжжа (усходняя частка), дзе размешчаны асноўны жылы масіў, і левабярэжжа – невялікі раён з забудовай сядзібнага тыпу па індывідуальных праектах. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр сфарміраваўся па вуліцы Ленінскай і на плошчы Леніна.
У цяперашні час ва Ушачах працуюць сярэдняя агульнаадукацыйная школа, дзіцячая школа мастацтваў, 4 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, раённая бібліятэка, цэнтр культуры і народнай творчасці, Дом рамёстваў, цэнтральная раённая бібліятэка, музей народнай славы, бальніца. Дзейнічаюць прадпрыемствы гандлю, грамадскага харчавання, сувязі і інш. Выдаецца раённая газета “Патрыёт”.
У пасёлку знаходзяцца брацкія магілы партызан, падпольшчыкаў і савецкіх воінаў, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну, магілы ахвяр фашызму. У памяць аб іх узведзены помнік-скульптура воіна і абеліск, на месцы партызанскага аэрадрома пастаўлена стэла. Помнікамі архітэктуры і археалогіі з’яўляюцца касцёл Святога Лаўрэнція (1908–1913), гарадзішча Днепра-дзвінскай культуры і ранняга феадалізму (ХІ–ХІІІ ст.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.