Дата пачатку: XVІ ст. Чашніцкі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка: цэнтр раёна Віцебскай вобласці
Назвы на іншых мовах: Чашники (руская);
Чашнікі – горад у Віцебскай вобласці, цэнтр Чашніцкага раёна, размешчаны на рацэ Ула. Знаходзіцца за 95 км на паўднёвы захад ад Віцебска, аўтадарогамі злучаны з Лепелем, Новалукомлем, Сянно.
Упершыню згадваецца ў 1504 г. у пераліку найбуйнейшых паселішчаў Полацкага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). У той час Чашнікамі валодалі князі Лукомскія, з канца XVI ст. належалі прадстаўнікам шляхты: Кішкам, Слушкам, Сакалінскім, Сапегам, Патоцкім, Валадковічам. Мястэчка размяшчалася на шляху “з варагаў у грэкі”, тут праходзілі гандлёвыя і ваенныя шляхі з Полацка на Магілёў, з Мінска на Віцебск. З аднаго боку, такое становішча спрыяла развіццю паселішча, з другога – тут часта здараліся ваенныя сутыкненні. У 1564 г. у час Лівонскай вайны (1558–1583) паблізу Чашнікаў адбылася Ульская бітва, у якой войска пад камандаваннем вялікага гетмана літоўскага Мікалая Радзівіла Рудога атрымала перамогу над рускім войскам на чале з ваяводам Пятром Шуйскім. У другой палове XVI ст. па загадзе рускага цара Івана Грознага на правым беразе ракі Ула быў пабудаваны драўляны ўмацаваны замак, каля якога ў 1567 г. атрад ваяводы брацлаўскага Рамана Сангушкі разграміў руска-татарскае войска, якое ўзначальвалі князь Пётр Абаленскі-Сярэбраны і татарскі царэвіч Амурат. У 1569 г. Чашнікі ўвайшлі ў склад Рэчы Паспалітай. Паводле інвентароў 1629 і 1633 гг. з’яўляліся прыватнаўласніцкім мястэчкам. У 1664 г. літоўскі харунжы Жыгімонт Адам Слушка заснаваў тут кляштар дамініканцаў, побач з ім у 1674 г. быў узведзены касцёл Святога Лукі. У 1708 г. у час Паўночнай вайны (1700–1721) мястэчка разам з замкам было спалена.
Эканамічнае жыццё мястэчка актывізавалася ў другой палове XVIII ст. Штотыднёва праводзіліся таргі, некалькі разоў на год кірмашы, дзейнічала прыстань, налічвалася больш за 40 складскіх збудаванняў, працавалі майстэрні па вырабе гандлёвых суднаў – стругаў. У 1786 г. на месцы старога кляштара быў пабудаваны мураваны касцёл у стылі позняга барока. У 1791–1793 гг. Чашнікі з’яўляліся цэнтрам Полацкага ваяводства ВКЛ. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. былі далучаны да Расійскай імперыі як мястэчка ў складзе Лепельскага павета спачатку Полацкай, з 1796 г. – Беларускай, з 1802 г. – Віцебскай губерняў. У 1797 г. пачалося будаўніцтва Бярэзінскай воднай сістэмы, якая прызначалася для транспарціроўкі лесу, сельскагаспадарчых тавараў з Магілёўскай і Мінскай губерняў у Рыжскі порт. Работы па ўзвядзенні канала доўжыліся каля васьмі гадоў. Шлях па вадзе дазволіў злучыць рэкі басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. Гэта мела ключавое значэнне для сацыяльна-эканамічнага развіцця мястэчка, бо менавіта ад Чашнікаў рака Ула была суднаходнай. З пачаткам функцыянавання канала тэрмін дастаўкі тавараў значна скараціўся.
У час вайны 1812 г. каля мястэчка адбыўся бой паміж рускім корпусам генерала П.Х. Вітгенштэйна і французскімі карпусамі маршалаў К. Віктора і Н. Удзіно. Чашнікі і наваколлі апынуліся ў эпіцэнтры бітвы і былі разбураны і разрабаваны, загінула шмат мясцовых жыхароў. Касцёл Святога Лукі, які ўцалеў у той бітве, у 1816 г. упрыгожылі насценнымі роспісамі спецыяльна запрошаныя з Італіі майстры, абразы для алтара былі напісаны мастаком В. Лейндорфам. У час паўстання 1863–1864 гг. тут размяшчаўся апорны пункт паўстанцаў, царскім войскам давялося браць яго штурмам. У 1868 г. касцёл быў пераўтвораны ў Мікалаеўскую царкву. У другой палове XIX ст. у Чашніках пачалося будаўніцтва невялікіх прадпрыемстваў. Мястэчка пашыралася, забудоўваліся паўднёвыя і ўсходнія часткі. У 1872 г. заснавана вінакурня, у 1886 г. адкрыта папяровая фабрыка “Скіна”.
Паводле перапісу 1897 г. у Чашніках налічвалася 703 двары, пражывала 4590 жыхароў, дзейнічалі лячэбніца, аптэка, 2 народныя вучылішчы, піваварнае і 2 гарбарныя прадпрыемствы. У 1909 г. адкрыта гарадское вучылішча, якое ў 1913 г. пераўтворана ў вышэйшае пачатковае. У час Першай сусветнай вайны ў лютым 1918 г. Чашнікі былі захоплены германскімі войскамі. 2 лютага 1919 г. мястэчка ўвайшло ў склад РСФСР, з канца верасня 1919 г. знаходзіліся ў акупацыі польскімі войскамі, у маі 1920 г. вызвалена Чырвонай арміяй.
3 сакавіка 1924 г. Чашнікі былі аднесены да тэрыторыі БССР. У 1924 г. аднавіла работу папяровая фабрыка “Скіна” пад новай назвай “Чырвоная зорка”, адкрылася цэнтральная хата-чытальня, дзе вялася асветніцкая работа. У 1925 г. за 3 км ад Чашнікаў была пабудавана чыгуначная станцыя. З 17 ліпеня 1924 г. мястэчка з’яўлялася цэнтрам Чашніцкага раёна Віцебскай, потым Лепельскай акруг. 27 верасня 1938 г. Чашнікі атрымалі статус гарадскога пасёлка ў складзе Віцебскай вобласці.
5 ліпеня 1941 г. Чашнікі былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў пасёлку і раёне 3610 чалавек. У гады акупацыі дзейнічалі Чашніцкае камуністычнае падполле, падпольныя райкамы ЛКСМБ і КП(б)Б. Пасёлак вызвалілі 27 чэрвеня 1944 г. войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту сумесна з партызанамі Чашніцкай брыгады “Дубава” ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі.
З 1962 па 1965 г. Чашнікі знаходзіліся ў складзе Бешанковіцкага раёна. 7 лютага 1966 г. ім быў нададзены статус горада раённага падпарадкавання.
Архітэктурна-планіровачную структуру Чашнікаў вызначаюць вуліцы Савецкая, Ленінская, Луначарскага і іншыя, якія ствараюць радыяльную сетку. Горад падзелены на 3 планіровачныя раёны: гістарычны, сучасны цэнтр, пасёлак папяровай фабрыкі. Адміністрацыйна-грамадскі і культурны цэнтр склаўся ў раёне вуліц Савецкая і Ленінская. Сучасны горад развіваецца паводле генеральнага плана 2013 г. у паўднёва-заходнім напрамку. У 2000-я гг. былі пабудаваны станцыя абезжалезвання вады, аб’екты гандлю, праведзена рэканструкцыя цэнтральнай часткі горада, разбіты і добраўпарадкаваны скверы.
У 2006 г. Чашнікі атрымалі герб – у чырвоным полі іспанскага шчыта выява сярэбранай крэпасці на трох зялёных горках, над ёй герб “Радван” – залатая царкоўная харугва з трыма канцамі, над якой размешчаны залаты крыж (радавы знак шляхціцаў Валадковічаў).
У цяперашні час тут працуюць прамысловыя прадпрыемствы ААТ “Чысты выток 1872”, папяровая фабрыка “Чырвоная зорка”, ААТ “Чашнікіспецвопратка” і інш. Дзейнічаюць гімназія, 2 сярэднія школы, раённы цэнтр дзяцей і моладзі, дзіцячая школа мастацтваў, раённы цэнтр культуры і народнай творчасці, гістарычны музей, раённая цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма, бальніца, цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Выдаецца раённая газета “Чырвоны прамень”.
У горадзе знаходзяцца Алея Герояў, брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну, устаноўлены помнікі загінуўшым землякам, а таксама воінам і партызанам якія ўдзельнічалі ў вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Асноўнай славутасцю з’яўляецца Спаса-Праабражэнская царква (пабудавана ў 1843–1845 гг.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
