Чэрыкаў – горад у Магілёўскай вобласці, цэнтр Чэрыкаўскага раёна. Знаходзіцца за 77 км на паўднёвы ўсход ад Магілёва, у 32 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў, на скрыжаванні аўтадарог Магілёў – Касцюковічы і Бабруйск – Крычаў. Размешчаны на рацэ Сож.
Паселішча вядома з XVI ст. як цэнтр воласці Магілёўскай эканоміі Вялікага Княства Літоўскага, да XVII ст. з’яўлялася вёскай у складзе Магілёўскага староства. У 1604 г. каралём польскім і вялікім князем літоўскім Жыгімонтам ІІІ Вазай Чэрыкаву нададзены статус горада. У 1641 г. ён атрымаў магдэбургскае права і ўласны герб: у блакітным полі сярэбраны мур з трыма вежамі, у цэнтральнай – брама з выявай рыцара, узброенага дзідай. У пачатку кастрычніка 1648 г. у антыфеадальную вайну (1648–1651) казакі пад камандаваннем палкоўніка Крывашапкі занялі горад, адкуль рабілі наезды на шляхецкія маёнткі Мсціслаўскага ваяводства. Пазней казакоў у Чэрыкаве разбіў атрад полацкіх шляхціцаў на чале з князем Лукомскім. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) горад быў спустошаны, але хутка адноўлены. У 1708 г. у Паўночную вайну (1700–1721) яго захапілі і разрабавалі шведскія войскі.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Чэрыкаў далучаны да Расійскай імперыі як мястэчка, у 1773 г. зноў атрымаў статус горада і стаў цэнтрам Чэрыкаўскага павета. У канцы XVIII ст. тут дзейнічалі гарадское праўленне і казначэйства, павятовы суд, размяшчаліся турма, саляная і хлебная крамы, багадзельня, малітоўны дом. Два разы ў год праводзіліся тыднёвыя кірмашы, куды прыязджалі гандляры з розных гарадоў і мястэчак Беларусі, Украіны, Расіі. У 1787 г. у час падарожжа ў паўднёвыя правінцыі Расіі Чэрыкаў наведала імператрыца Кацярына ІІ. У 1830 г. у горадзе пачало працаваць трохкласнае вучылішча. У 1846 г. адкрыта прыватная школа для пачатковага навучання дзяўчынак, дзе выкладаліся Закон Божы, граматыка, арыфметыка, геаграфія, танцы і рукадзелле. У другой палове ХІХ ст. значна пашырыўся гандаль. У 1865 г. праз чэрыкаўскую прыстань было адпраўлена больш за 18 тыс. пудоў розных грузаў. У 1875 г. купцы з Яраслаўля, Вязьмы, Дарагабужа і Ржэва закупілі ў Чэрыкаве тавараў на 40 тыс. рублёў. Асноўным прадметам гандлю ў той час была пянька, якую з горада і яго наваколляў везлі па Сожы і Дняпры ў Кіеў ці сухапутным шляхам да Віцебска, а потым накіроўвалі па Заходняй Дзвіне ў Рыгу. У 1880 г. у Чэрыкаве працавалі салатопны і цагельны заводы, пазней адкрыты пенькатрапальнае і спіртаачышчальнае прадпрыемствы. Паводле перапісу 1897 г., у горадзе налічвалася 963 двары, пражывала 5249 жыхароў.
З 1919 г. Чэрыкаў знаходзіўся ў Гомельскай губерні РСФСР, 3 сакавіка 1924 г. увайшоў у БССР. 17 ліпеня 1924 г. ён стаў цэнтрам Чэрыкаўскага раёна Калінінскай, з 9 чэрвеня 1927 да 26 ліпеня 1930 г. Магілёўскай акругі. 20 лютага 1938 г. уключаны ў склад Магілёўскай вобласці.
У час Вялікай Айчыннай вайны 17 ліпеня 1941 г. Чэрыкаў быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 1118 жыхароў. З пачатку вайны барацьбу супраць ворага вялі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, атрад народнага апалчэння, з 1942 г. – падпольная антыфашысцкая арганізацыя (кіраўнік І.П. Дзенісенка). Патрыёты збіралі разведданыя аб нямецкіх войсках, вялі агітацыйна-прапагандысцкую работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, расклейвалі лістоўкі. Зімой 1942–1943 гг. падпольшчыкі ўзарвалі электрастанцыю, падпалілі лесазавод і хлебапякарню. Адбыліся дыверсіі і на стаянках нямецкіх аўтакалон. Чэрыкаў быў вызвалены 1 кастрычніка 1943 г. воінамі 50-й арміі Бранскага фронту ў ходзе Бранскай аперацыі пры ўдзеле партызанскіх атрадаў. Адразу пасля вызвалення пачалося аднаўленне гаспадаркі горада. Узводзіліся новыя жылыя і адміністрацыйныя будынкі, наладжвалася мірнае жыццё. У 1959–1962 гг. і ў 1965–1966 гг. Чэрыкаў знаходзіўся ў складзе Крычаўскага, у 1962–1965 гг. – Краснапольскага раёнаў, з 1966 г. зноў стаў цэнтрам Чэрыкаўскага раёна.
У цяперашні час у горадзе працуюць 2 сярэднія і 1 пачатковая школы, дзяржаўны каледж, 4 дашкольныя ўстановы, Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, Дом культуры, цэнтральная раённая бібліятэка, гісторыка-краязнаўчы музей, бальніца. Дзейнічаюць прадпрыемствы “Чэрыкаўская жыллёва-камунальная гаспадарка”, “Бытпаслугі”, лясгас і інш. Выходзіць раённая газета “Веснік Чэрыкаўшчыны”. З 2017 г. у Чэрыкаве праходзіць штогадовае рэгіянальнае свята-кірмаш “Дзень варэння”, прымеркаванае да праваслаўнага свята “Яблычны спас”. У горадзе знаходзяцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Устаноўлены помнік землякам, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Захаваліся помнікі архітэктуры: касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1856, перабудаваны ў 2020 г.), будынак ХІХ – пачатку ХХ ст. (у 1990-я гг. прыстасаваны пад праваслаўную царкву Раства Багародзіцы), будынкі бальніцы (ХІХ–ХХ ст.).
Чэрыкаў з’яўляецца радзімай ваеннага дзеяча, генерал-маёра А.І. Пастрэвіча, удзельніцы партызанскага руху на тэрыторыі Чэрыкаўскага раёна ў Вялікую Айчынную вайну Н.А. Слюнькінай, кампазітара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі І.І. Любана, пісьменніка, публіцыста і сцэнарыста В.Ф. Карамазава, паэта, члена-карэспандэнта НАН Беларусі, доктара філасофскіх навук, прафесара Л.Ф. Яўменава.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.