Светлагорск – адзін з самых маладых гарадоў Беларусі, буйны прамысловым і культурны цэнтр. У даўнія часы ў Бабруйскай воласці Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) на месцы горада знаходзіўся маёнтак Шацілінскі Востраў, які першы раз упамінаецца ў прывілеі 1560 г. Існуе некалькі легенд, якія растлумачваюць назву паселішча. Адна з іх звязана з імем заснавальніка і ўладальніка маёнтка Рамана Шацілы, другая – з родам заняткаў яго жыхароў, якія шылі святочную вопратку – шаты.
Шацілінскі Востраў рос і стаў вёскай, якая неаднаразова змяняла сваю назву і адміністрацыйна-тэрытарыяльную прыналежнасць: пад назвай Шацілкавічы і Шацілкі была ў складзе Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства ВКЛ у 1565-1566 гг. Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. належала Бабруйскаму павету Мінскай губерні Расійскай імперыі. З 1 студзеня 1919 г. – у БССР, з 29 жніўня 1919 па 10 жніўня 1920 гг. – у Гомельскай губерні РСФСР. З 20 жніўня 1924 г. вёска Шацілкі з’яўлялася цэнтрам сельсавета ў Парыцкім раёне Бабруйскай акругі, а з 20 лютага 1938 г. увайшла ў склад Палескай вобласці БССР. У жніўні 1941 г. Шацілкі былі акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, 26 лістапада 1943 г. – вызвалены. У час акупацыі раён і вёска панеслі вялікія чалавечыя страты, было знішчана шмат важных будынкаў адміністрацыйнага і прамысловага значэння. У 1956 г. вёска афіцыйна стала гарадскім пасёлкам, у 1960 г. – цэнтрам Парыцкага раёна. У 1961 г. гарадскі пасёлак Шацілкі атрымаў статус горада і назву Светлагорск. Гэтай падзеі папярэднічала будаўніцтва і запуск непадалёк ад Шацілак буйнейшай на той час цеплавой электрастанцыі – Васілевіцкай ДРЭС. З 1963 г. Светлагорск – горад абласнога падпарадкавання Гомельскай вобласці.
На тэрыторыі горада знаходзіцца шмат унікальных гісторыка-культурных аб’ектаў: помнікі архітэктуры (храм у гонар Святых Апосталаў Пятра і Паўла, храм у гонар Святой Марыі Магдаліны, Свята-Праабражэнскі сабор), мемарыяльныя комплексы (манумент «Скорбящий колокол», Курган Славы), памятныя мясціны (тэрыторыя былой шляхецкай сядзібы «Шацілінскі Востраў») і інш.
Культурнае жыццё Светлагорска вельмі разнастайнае. Тут ладзяцца канцэрты, тэатралізаваныя святы, абрады, прадстаўленні, выстаўкі, фестывалі, конкурсы. Найбольш вядомымі з’яўляюцца: регіянальны фестываль «Каляднае сузор’е», конкурс «Маладая сям’я Светлагоршчыны», раённы фестываль-конкурс юных і маладых талентаў «Правінцыя» і інш. Таленавітыя майстры працуюць у Светлагорскім раённым доме рамёстваў. Гістарычную спадчыну горада беражліва захоўвае Светлагорскі гісторыка-краязнаўчы музей.
На тэрыторыі Светлагорска дзейнічае шэраг буйных прадпрыемстваў: ААТ «СветлагорскХімвалакно», Швейна-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Светлатэкс», ААТ «Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат», ААТ «Светлагорскі ЖБВіК», Філіял «Светлагорскі хлебазавод «РУП» Гомельхлебпрам», ААТ «Светлагорскі аграсэрвіс», ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў» і інш.