Столін – горад у Брэсцкай вобласці, цэнтр Столінскага раёна. Знаходзіцца за 245 км на ўсход ад Брэста, у 7 км ад чыгуначнай станцыі Гарыні на лініі Лунінец – Сарны, на аўтадарозе Пінск – Давыд-Гарадок. Размешчаны на рацэ Гарыні.
Столін вядомы з сярэдзіны XVI ст. як мястэчка ў Пінскім павеце Берасцейскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. З’яўляўся прыватным уладаннем, у розны час належаў Саламярэцкім, Вішнявецкім, Пацеям, Солтанам, Скірмунтам, Стахоўскім і інш. У верасні 1655 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) мястэчка захапілі і спалілі казакі гетмана Івана Залатарэнкі.
Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 г. Столін далучаны да Расійскай імперыі і стаў цэнтрам воласці Пінскага павета Мінскай губерні. У 1816 г. у мястэчку адкрыта першая ў Беларусі школа ўзаемнага навучання, дзе выкладаліся асновы аграноміі. У 1863 г. у Століне пачало дзейнічаць народнае вучылішча. У 1886 г. тут налічваўся 121 двор, пражывала 815 жыхароў, працавалі валасное праўленне, праваслаўная прыходская царква, сінагога, 4 яўрэйскія малітоўныя дамы, вінакурны і гарбарны заводы. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй, рыбнай лоўляй, сплавам лесу, вырабам дзёгцю, дробным гандлем і інш.
У лютым–снежні 1918 г. Столін быў заняты германскімі, з ліпеня 1919 да жніўня 1920 г. польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 г. далучаны да Польшчы, стаў горадам, цэнтрам гміны ў Лунінецкім павеце Палескага ваяводства. У 1939 г. увайшоў у склад БССР, з 15 студзеня 1940 г. – цэнтр Столінскага раёна Пінскай, з 8 студзеня 1954 г. Брэсцкай абласцей.
У час Вялікай Айчыннай вайны 12 ліпеня 1941 г. Столін акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 9309 чалавек. У гады акупацыі дзейнічалі Столінскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія атрады. У студзені 1944 г. партызаны брыгады “Савецкая Беларусь” разграмілі ў Століне варожы гарнізон. Горад вызвалены 7 ліпеня 1944 г. войскамі 1-га Беларускага фронту ў ходзе наступлення на Баранавіцка-Брэсцкім напрамку ў час Беларускай аперацыі.
У 1970 і 1998 гг. былі распрацаваны генеральныя планы Століна, у 1973 г. створаны праект дэталёвай планіроўкі яго цэнтра. Тэрыторыю сучаснага горада ўтвараюць цэнтральны, усходні і заходні раёны, злучаныя ў адзіны горадабудаўнічы комплекс, размешчаны ўздоўж ракі Гарыні. Індывідуальная жылая забудова пераважае ў заходняй частцы, двух- і пяціпавярховая сканцэнтравана ва ўсходняй частцы Століна. Агульнагарадскі цэнтр сфарміраваны па вуліцы Савецкай і складаецца з адміністрацыйнай, гандлёвай і спартыўнай зон.
У 1998 г. горад атрымаў афіцыйны герб – у блакітным полі варажскага шчыта выява сярэбранага бусла з залатой дзюбай.
У цяперашні час у Століне дзейнічаюць аграрна-эканамічны каледж, гімназія, 3 сярэднія школы, 4 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, Дом культуры, цэнтральная раённая бібліятэка, краязнаўчы музей, кінатэатр, бальніца. Працуюць вытворчы філіял ААТ “Савушкін прадукт”, лясгас і інш. Выходзіць раённая грамадска-палітычная газета “Навіны Палесся”. У 2022 г. значнай падзеяй для Століна стала правядзенне штогадовага рэспубліканскага спартыўна-культурнага фестывалю “Вытокі”.
У горадзе знаходзяцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, мемарыял, прысвечаны памяці воінаў-вызваліцеляў і землякоў, загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, магіла ахвяр фашызму. Захаваліся помнікі архітэктуры: будынак сінагогі (1792), праваслаўная Свята-Узнясенская царква (першая палова ХХ ст.). Галоўнай славутасцю Століна з’яўляецца парк “Манькавічы” – помнік садова-паркавага мастацтва, закладзены ў 1885 г. у сядзібе Радзівілаў. Парк унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2025 г.