Значны ўплыў на фарміраванне музычна-культурнага асяроддзя горада аказвае Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М. К. Агінскага, што рыхтуе музыкантаў, прафесійныя кадры выкладчыкаў для дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў. Заснаваны ў 1958 г. як музычнае вучылішча. У 1995 г. навучальнай установе было прысвоена імя вядомага кампазітара, дыпламата, грамадскага дзеяча М. К. Агінскага (у 2002 г. перад будынкам яму ўстаноўлены помнік). З 2011 г. з’яўляецца музычным каледжам. Ён мае свой статут, які рэгламентуе асноўныя пазіцыі дзейнасці навучальнай установы, правы і абавязкі навучэнцаў і выкладчыкаў. У каледжы з 2003 г. з’явіўся свой афіцыйны гімн. Гэты ўрачыста-лірычны твор гучыць на самых адказных мерапрыемствах установы, як спеў памяці М. К. Агінскага, як сімвал неўміручасці музычнага мастацтва.
У каледжы рыхтуюцца музычна-педагагічныя кадры па пяці спецыяльнасцях (інструментальнае выканальніцтва, дырыжыраванне, спевы, музыказнаўства, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва) і васьмі спецыялізацыях (фартэпіяна; аркестравыя струнныя смычковыя інструменты (па відах інструментаў: скрыпка, альт, віяланчэль, кантрабас); аркестравыя духавыя і ўдарныя інструменты (па відах інструментаў: драўляныя духавыя, медныя духавыя, ударныя); інструменты народнага аркестра (па відах інструментаў: баян, акардэон, цымбалы, домра, балалайка, гітара); дырыжыраванне (акадэмічны хор); спевы (акадэмічныя); мастацкія вырабы з саломкі, ільну, паперы; мастацкая апрацоўка дрэва). Выпускнікам прысвойваюцца наступныя кваліфікацыі (згодна са спецыяльнасцю): настаўнік дзіцячай музычнай школы, настаўнік музыкі ў агульнаадукацыйнай школе, кіраўнік самадзейнага хору ці аркестра, артыст хору ці аркестра, выкладчык і мастак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Пасля заканчэння вучобы многія паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, дзе працягваюць адукацыю, удасканальваюць тэарэтычныя веды і выканальніцкае майстэрства. Яны становяцца студэнтамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, а таксама вядучых музычных ВНУ Расіі – кансерваторый Санкт-Пецярбурга, Масквы, Астрахані, Адэсы, Саратава, Ніжняга Ноўгарада, Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных. Каледж ганарыцца сваімі былымі выпускнікамі, сярод якіх нямала выканаўцаў, выкладчыкаў і кіраўнікоў рознага ўзроўню, добра вядомых у рэспубліцы і за яе межамі. Гэта салісты оперных і музычных тэатраў В. Пралат, С. Зубкевіч, А. Лукашэвіч, А. Хамічонак, Л. Крывёнак і іншыя; беларускія кампазітары А. Елісеенкаў, Н. Усцінава і іншыя; кампазітар і эстрадны спявак, народны артыст Расіі Ю. Антонаў. Навучэнцы і выпускнікі ўдзельнічаюць у грамадска-культурных мерапрыемствах, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Таксама ў навучальнай установе праходзяць сустрэчы са знакамітымі айчыннымі і замежнымі музыкантамі.
Немалаважную ролю ў музычным жыцці горада адыгрывае сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа пад кіраўніцтвам Р. Сарокі. У 2007 г. на базе навучальнай установы створаны першы ў рэспубліцы маладзёжны музычны тэатр.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2016 г.