Мінскі навукова-даследчы прыборабудаўнічы інстытут (ААТ «МНДПІ») – адзін з найбуйнейшых вытворчых цэнтраў радыёэлектроннай галіны ў Беларусі.
Сваю гісторыю ён адлічвае з 1954 г., калі пры Мінскім радыёзаводзе імя Молатава было створана спецыяльнае тэхналагічнае бюро (СТБ). У яго склад уваходзіла каля 60 супрацоўнікаў. Былі арганізаваны тры аддзелы: тэхналагічны аддзел, аддзел механізацыі, аддзел новых распрацовак. Галоўныя задачы бюро – распрацоўка, выраб і ўкараненне ў вытворчасць нестандартнай тэхналагічнай апаратуры і абсталявання для забеспячэння вытворчага працэсу. У 1957 г. на базе СТБ створана спецыяльнае канструктарска-тэхналагічнае бюро (СКТБ) пры Мінскім прыборабудаўнічым заводзе імя У.І. Леніна. У гэты перыяд яно не толькі выконвала тэхналагічнае суправаджэнне вырабаў, што выпускаў завод, але і распрацоўвала новыя перспектыўныя вырабы з арганізацыяй іх серыйнай вытворчасці. Сталі ажыццяўляцца і канструктарскія распрацоўкі. У 1966 г. СКТБ ператварылася ў канструктарскае прыборабудаўнічае бюро (КПБ), выдзялілася са складу завода і пачало існаваць самастойна. У 1971 г. на базе КПБ і СКБ мінскага завода «Калібр» створаны МНДПІ. Галоўнай задачай інстытута з'яўлялася распрацоўка вымяральнай апаратуры абароннага і народнагаспадарчага значэння. У яго склад уваходзілі: канструктарскае бюро завода «Калібр», аддзел ЗВЧ тэхнікі Мінскага радыёзавода (цяпер «Гарызонт») і лабараторыя Дзяржстандарту БССР. У 1996 г. інстытут стаў дзяржаўным прадпрыемствам, а ў 1997 г. быў пераўтвораны ў ААТ «МНДПІ».
Прадпрыемства мае сучаснае тэхналагічнае, метралагічнае і выпрабавальнае абсталяванне. Былі створаны прыборабудаўнічая вытворчасць, шматмэтавы цэнтр выпрабаванняў апаратуры. Навукоўцамі інстытута праведзена мноства даследаванняў у розных галінах навукі і тэхнікі. Асноўнымі кірункамі дзейнасці з'яўляюцца: выкананне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ; распрацоўка і вытворчасць вымяральнай і медыцынскай тэхнікі, прыбораў, сродкаў тэлекамунікацый і сувязі, мабільных і стацыянарных аўтаматызаваных метралагічных комплексаў, аўтаматызаваных сістэм кантролю складаных тэхнічных аб'ектаў; прыбораў, апаратуры і комплексаў для ядзерна-фізічных вымярэнняў і радыяцыйнага кантролю; эталонаў і ўзорных сродкаў вымярэнняў электрычных велічынь, электра- і радыёкампанентаў; спецыяльнай элементнай базы радыёэлектронных прыбораў, тавараў прамысловага, народнагаспадарчага, спецыяльнага і культурна-бытавога прызначэння і інш.
Інстытут спалучае ўнікальныя магчымасці, якія дазваляюць практычна на роўных канкурыраваць з вядучымі прыборабудаўнічымі прадпрыемствамі свету. Пры распрацоўцы і вытворчасці выкарыстоўваюцца крытэрыі якасці і надзейнасці, якія адпавядаюць міжнародным стандартам. Інжынеры і навукоўцы валодаюць унікальным вопытам распрацоўкі радыёэлектроннай тэхнікі, практычнымі навыкамі ўкаранення прыбораў у серыйную вытворчасць, устойлівымі дзелавымі сувязямі з прадпрыемствамі па распрацоўцы і вытворчасці ў рэспубліцы і ў СНД, з навукоўцамі шэрагу акадэмічных інстытутаў і ВНУ.