Гісторыя Нясвіжскага завода медыцынскіх прэпаратаў бярэ пачатак у 1960 г., калі на базе спіртзавода, што дзейнічаў у пасёлку Альба Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці, было вырашана наладзіць вытворчасць кармавога антыбіётыка біяміцыну (Пастанова ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР №749 ад 01.12.1959 г.). Першая прадукцыя новага прадпрыемства паступіла ў продаж у маі 1961 г., а агульны аб’ём вырабленага прэпарату да 1969 г. склаў ужо 12 т. У наступныя гады была праведзена мадэрнізацыя вытворчасці: рэканструявана ферментацыйнае аддзяленне, запушчаны новая кацельная, цэх па вырабе бактэрыяльнага ўгнаення “Рызатарфін” і прамысловая гама-ўстаноўка “Попел” на аснове ізатопа кобальт-60. На заводзе асвоілі выпуск сіласнай закваскі “Біясіл” і ўнікальнага процімікробнага і процізапаленчага прэпарату “Баліз-2”. У 1985 г. прадпрыемства перайменавана ў Нясвіжскі біяхімічны завод.
З пераходам да рыначных адносін адбылося тэхнічнае пераўзбраенне, у выніку якога, завод пераключыўся на выпуск салявых раствораў для ін’екцый (хларыду натрыя, глюкозы, лекавых прэпаратаў “Ацэсоль”, “Дзісоль”, “Хласоль”, “Трысоль”, “Навакаін”, “Гемадэз”.) Прадпрыемства было перайменавана ў Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў і акцыянавана, у 1996 г. увайшло ў склад Беларускага дзяржаўнага канцэрна па вытворчасці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіялагічнай прадукцыі “Белбіяфарм”.
У цяперашні час адкрытае акцыянернае таварыства “Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў” – найбуйнейшы вытворца інфузійных лекавых сродкаў у Рэспубліцы Беларусь. У структуры прадпрыемства маюцца цэхі медыцынскіх прэпаратаў і інфузійных раствораў у поліэтыленавай тары (тэхналогія “Bottlepack”), хімічная, фармакалагічная і мікрабіялагічная лабараторыі, кліматычная камера і сучасная градзірня новага тыпу. У 2016 г. праведзена маштабная мадэрнізацыя вытворчасці лекавых сродкаў у шкляных бутэльках. Праектная магутнасць дазваляе прадпрыемству выпускаць больш за 32 млн адзінак прадукцыі штогод. У асартыменце 37 найменняў лекавых сродкаў розных фармакатэрапеўтычных груп: плазмазамяшчальныя, ірыгацыйныя, перфузійныя, дэзінтаксікацыйныя растворы, анестэтыкі, антыбактэрыяльныя сродкі і інш. Акрамя вытворчых падраздзяленняў і падраздзяленняў па упакоўцы і захаванні прадукцыі, у структуры прадпрыемства дзейнічае аддзел маркетынгу. Асаблівая ўвага надаецца кантролю за якасцю прадукцыі. Высокакваліфікаваныя супрацоўнікі завода праводзяць мерапрыемствы па выяўленні і ацэнцы магчымых негатыўных наступстваў выкарыстання лекавых сродкаў; арганізавана сістэма зваротнай сувязі медыцынскіх і фармацэўтычных арганізацый з прадпрыемствам. Пільны фармакалагічны кантроль дазваляе дасягнуть такой якасці прадукцыі, якая па сваім ўзроўні не саступае вырабам-аналагам вядучых сусветных кампаній. Усе лекавыя сродкі адпавядаюць патрабаванням стандарту “Good Manufacturing Practice” (GMP). Прадпрыемства аказвае паслугі па радыяцыйнай апрацоўцы матэрыялаў, стэрылізацыі, іншыя лабараторныя, а таксама транспартныя паслугі. З 2017 г. прадпрыемства ўваходзіць у склад холдынга “Белфармпрам”. Тут працуе больш за 400 чалавек.
Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў з’яўляецца ўладальнікам ганаровых дыпломаў і сертыфікатаў, пераможцам конкурсаў "Прадукт года" (2018, 2019), “Лепшае прадпрыемства для працуючай мамы” (2019). Асноўнымі спажыўцамі прадукцыі з’яўляюцца Беларусь, а таксама краіны СНД, такія як Расійская Федэрацыя, Азербайджан, Туркменістан і Казахстан.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г., актуалізаваны ў 2024 г.