Першыя пісьмовыя сведчанні, якія непасрэдна тычацца населеных пунктаў сучаснага Дрыбінскага раёна, вядомыя з XIV ст. Самым старажытным паселішчам з’яўляецца вёска Расна, якая ўпершыню згадваецца ў 1335 г. як горад, які быў спалены па загаду вялікага князя маскоўскага Івана Каліты.
У 1430 г. Расна знаходзіцца сярод уладанняў вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы. У 1499 г. горад належаў князю М. Жаслаўскаму і быў цэнтрам павета Мсціслаўскага ваяводства.
У пачатку XVI ст. на тэрыторыі дрыбінскіх зямель пачалі з’яўляцца праваслаўныя цэрквы. Адзін з першых храмаў быў пабудаваны ў Расна і насіў імя святога Фёдара. У той час горад выконваў функцыю адміністрацыйнага, рамесна-гандлёвага цэнтра, меў вялікую колькасць рамеснікаў розных спецыяльнасцей: ганчароў, збройнікаў, ткачоў і г.д.
Замак у Расна меў важнае абарончае значэнне, таму тэрыторыя Дрыбіншчыны стала арэнай актыўных ваенных дзеянняў. У 1534–1537 гг. паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім Княствам Літоўскім адбылася вайна. У 1535 г. войскі пад кіраўніцтвам В. Шуйскага ўзялі Расна штурмам і спалілі горад. У 1654–1667 гг. Дрыбіншчына апынулася ў самым цэнтры вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім Княствам Літоўскім. 15 лістапада 1655 г. рускія войскі напалі на Расна і зноў разрабавалі горад. Частка жыхароў загінула, а вялікая колькасць рамеснікаў трапіла ў палон. Многія з іх потым працавалі ў Маскве і іншых гарадах Маскоўскай дзяржавы.
У 1754 г. у Расна была створана езуіцкай місія. У яе склад уваходзілі місіянерскі дом, касцёл і невялікая школа.
У вайну 1812 г. праз горацка-дрыбінскія землі рухаўся корпус данскіх казакоў. Усё лета і восень у Дрыбіне і Расна знаходзіліся французскія вайсковыя крамы для збору прадуктаў харчавання і фуражу.
У 1910 г. Расна налічвала 195 двароў і 1054 жыхары. Дзейнічала адно буйное прамысловае прадпрыемства – бровар, дзе працавала 8 рабочых. Вернікі наведвалі царкву, сінагогу і касцёл.
У першыя гады Савецкай улады на Дрыбіншчыне пачалі арганізоўвацца савецкія гаспадаркі і камуны. Адна з першых з’явілася ў Расна. У 1919–1924 гг. Расна ўваходзіла ў склад РСФСР, у ліпені 1924 г. адышла да БССР.
З улікам нацыянальнага складу насельніцтва ў Дрыбіне і Расна працавалі яўрэйскія школы. У 1935 г. у Расна пачаў дзейнасць дзіцячы дом, працаваў кінатэатр. У гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы было створана яўрэйскае гета, дзе карнікі знішчылі каля 800 чалавек.
У 1989 г. вёска Расна ўвайшла ў склад Дрыбінскага раёна, у снежні 2009 г. атрымала статус аграгарадка.
У вёсцы знаходзяцца будынкі сядзібнага комплексу з элементамі народнага драўлянага дойлідства – помнік архітэктуры неакласіцызму XIX ст. Ён быў пабудаваны ў 1895 г. як летняя рэзідэнцыя памешчыка Спыткова і ўключаў у сябе аднапавярховы мураваны жылы дом, свіран, бровар і невялікія гаспадарчыя пабудовы. У 1918 г. у сядзібе адкрылі школу, якая размяшчалася тут да пачатку 1990-х гадоў. У цяперашні час будынак патрабуе рэканструкцыі.
У цэнтры вёскі захаваліся рэшткі езуіцкага касцёла святога Казіміра, які быў пабудаваны ў 1812–1818 гг. Унікальны помнік архітэктуры ў стылі класіцызму вызначаўся манументальнасцю формаў, багаццем і пышнасцю інтэр’ераў, наяўнасцю галерэй і порцікаў з калонамі. Прыгожы і велічны храм, які нагадваў рымскія пабудовы, праіснаваў ў сваім першапачатковым выглядзе 125 гадоў. У гады Вялікай Айчыннай вайны касцёл моцна пацярпеў і больш не аднаўляўся.
У цяперашні час у Расна працуюць сельскі савет, агульнаадукацыйная і дапаможная школы, дзіцячы садок, Дом культуры, бібліятэка, аптэка, адзяленне сувязі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.