Варыянты назвы:
Рэспубліканскі ландшафны заказнік "Азёры"
Назвы на іншых мовах:
Озёры (руская);
1795 сімвалаў
Даведка
Рэспубліканскі ландшафны заказнік “Азёры” быў створаны ў Гродзенскім і Шчучынскім раёнах Гродзенскай вобласці ў 1990 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне ў натуральным стане каштоўных лесаазёрных экалагічных сістэм і ўнікальных прыродна-ландшафтных комплексаў.
Заказнік размяшчаецца ў межах Азёрскай водна-ледавіковай нізіны на плошчы больш за 23 тыс. га. Рэльеф тэрыторыі раўнінны, пласкахвалісты. Тут маецца сістэма з 16 пратокавых азёр (Белае, Зацкава, Доўгае, Антвозера, Бярштоўскае і іншыя), якія з’яўляюцца сапраўднымі помнікамі прыроды ледавіковай эпохі. Працякаюць некалькі рэчак, самай буйной з якіх на ўсходняй мяжы заказніка з’яўляецца Котра. Большую частку тэрыторыі займаюць хваёвыя лясы з дамешкам ялін, дубоў, клёнаў і ліп. У прыродным комплексе зарэгістравана 780 відаў сасудзістых раслін, з якіх венерын чаравічак, лінея паўночная, вярба чарнічная, баранец звычайны ўнесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Маюцца вялікія запасы каліны, маліны, валер’яну лекавага, падтынніку вялікага, ядлоўцу звычайнага. Жывёльны свет складае больш за 180 відаў наземных пазваночных. У лясах водзяцца алені, ласі, казулі, дзікі, на азёрах гняздуюцца вялікія калоніі азёрных чаек. Сярод ахоўных відаў сустракаецца барсук, рысь, зубр, чорны бусел, шэры журавель, трохпальцы дзяцел, зімародак, ручаёвая стронга, чаротная рапуха, мядзянка і інш.
Заказнік з’яўляецца месцам экалагічнага турызму. У яго межах размешчана сетка аб’ектаў для адпачынку (санаторыі, турыстычныя базы, дзіцячыя лагеры, аграсядзібы). Для наведвальнікаў абсталяваны месцы для палатачных гарадкоў, экалагічная сцежка і аглядная пляцоўка, распрацаваны водныя і пешыя турыстычныя маршруты. Папулярнасцю карыстаецца вандроўка праз заказнік па вузкакалейнай чыгунцы і сафары-туры на джыпах.