Дата пачатку: XVІ ст. Віцебскі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка: гарадскі пасёлак у Віцебскім раёне Віцебскай вобласці
Назвы на іншых мовах: Сураж (руская);
Сураж – гарадскі пасёлак у Віцебскім раёне Віцебскай вобласці, адміністрацыйны цэнтр Суражскага сельсавета. Знаходзіцца за 43 км на паўночны ўсход ад Віцебска, на аўтадарозе Віцебск – Веліж (Расія). Размешчаны на р. Заходняй Дзвіне пры ўпадзенні ў яе р. Касплі.
Сураж узнік у XVI ст. як умацаваны пункт на ўсходняй граніцы Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) у час Лівонскай вайны (1558–1583). Але паводле археалагічных звестак гэтыя мясціны пачалі засяляцца яшчэ ў VII–VIII стст. (даследаванні Г. В. Штыхава і М. А. Ткачова ў 1970-х гг.). У 1563 г. па загадзе караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІ Аўгуста віцебскі ваявода С. Збаражскі пабудаваў тут драўляны замак. На працягу XVII–XVIII стст. у час ваенных дзеянняў ён неаднаразова разбураўся, але зноў аднаўляўся. Пасля 1772 г. страціў стратэгічнае значэнне і перастаў існаваць. У 1569 г. Суражу нададзены герб: у сярэбраным полі выява сцяны з трыма вежамі чырвонага колеру. У 1570 г. атрымаў прывілей на такія ж правы і вольнасці, якія меў Віцебск. Жыхарам дазвалялася выбіраць войта, праводзіць 2 кірмашы ў год, вольна распараджацца сваёй рухомай і нерухомай маёмасцю, бяспошлінна гандляваць на тэрыторыі ВКЛ і інш. У 1656 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654–1667) Сураж быў захоплены рускімі войскамі. У 1667 г. вернуты ВКЛ паводле Андросаўскага перамір’я.
Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 г. Сураж далучаны да Расійскай імперыі. У 1777 г. стаў горадам, цэнтрам павета Полацкай, з 1796 г. – Беларускай, з 1802 г. – Віцебскай губерняў. У 1781 г. імператрыца Кацярына ІІ зацвердзіла новы герб Суража з выявамі арла і ўзброенага воіна на кані. У 1810 г. у горадзе налічвалася 200 двароў, пражывала каля 1600 жыхароў, працавала прыстань, з якой у Рыгу адпраўляліся судны з хлебам, пянькой, ільном, салам, маслам. У 1830-я гг. пабудаваны драўляныя Спаса-Праабражэнская і Петрапаўлаўская праваслаўныя цэрквы (да нашага часу не захаваліся). У 1864 г. заснавана народнае вучылішча. У пачатку ХХ ст. у горадзе пражывала 4400 жыхароў, дзейнічалі 2 царквы, 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, гасцініца, карчма, 3 бібліятэкі, чытальня і інш.
У сакавіку 1924 г. Сураж увайшоў у БССР, з 17 ліпеня 1924 г. стаў мястэчкам, цэнтрам раёна Віцебскай акругі. 27 верасня 1938 г. атрымаў статус гарадскога пасёлка ў складзе Віцебскай вобласці. У пачатку 1941 г. у Суражскім раёне працавалі 194 калгасы, саўгас, 2 машынна-трактарныя станцыі, шклозавод, 3 ільнозаводы, кардонная фабрыка і інш.
12 ліпеня 1941 г. Сураж быў захоплены нямецка-фашысцкімі войскамі. Гітлераўцы за час акупацыі амаль поўнасцю разбурылі пасёлак і знішчылі ў ім і раёне 9181 жыхара. У гады Вялікай Айчыннай вайны дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскія брыгады (1-я Беларуская, 1-я Віцебская, імя М. І. Кутузава) і іншыя злучэнні. У верасні 1941 г. партызанскі атрад пад камандаваннем М. П. Шмырова (Бацькі Міная) разграміў размешчаны ў пасёлку варожы гарнізон. Са студзеня 1942 г. да снежня 1943 г. існавала Суражская партызанская зона. На паўночным усходзе ад пасёлка знаходзіліся Віцебскія, або Суражскія “вароты” – 40-кіламетровы разрыў паміж нямецкімі групамі армій “Цэнтр” і “Поўнач”, праз які ажыццяўлялася сувязь партызан з Чырвонай арміяй і савецкім тылам. 28 кастрычніка 1943 г. Сураж вызвалены войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту.
Пасля вайны пасёлак быў адбудаваны, паступова наладжвалася мірнае жыццё. Аднавілі работу прадпрыемствы, культурна-асветніцкія ўстановы. У 1957 г. працавалі маслазавод, лясгас, прамкамбінат і інш. У 1960 г. Суражскі раён скасаваны, пасёлак уваходзіў у Віцебскі раён, з 1962 г. – у Лёзненскі, з 1965 г. зноў у складзе Віцебскага. У 2006 г. зацверджаны сучасны герб Суража, які быў створаны на аснове старажытнага геральдычнага сімвала 1569 г. У 2013 г. пасёлак стаў цэнтрам сельсавета.
У Суражы знаходзіцца брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, загінуўшых у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Устаноўлены помнік дзецям Героя Савецкага Саюза М. П. Шмырова, расстраляных гітлераўцамі ў лютым 1942 г. Дзейнічае Петрапаўлаўская царква (1996). Захаваўся помнік археалогіі – замчышча.
У цяперашні час у пасёлку працуюць сярэдняя школа (пры ёй створаны музей “Сураж у гады Вялікай Айчыннай вайны”), Дом культуры, гарпасялковая бібліятэка, амбулаторыя, аддзяленне паштовай сувязі, лясгас, паромная пераправа і інш.
У Суражы нарадзіліся вучоны-хірург, доктар медыцынскіх навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Беларусі А. П. Чудакоў, урач-тэрапеўт, заслужаны дзеяч навукі Татарстана З. І. Малкін.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026 г.
