Дата пачатку: XV ст.
Кароткая даведка: аграгарадок у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці
Лучын – аграгарадок у Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Знаходзіцца за 8 км на поўдзень ад Рагачова, 2 км ад чыгуначнай станцыі Лукская на лініі Рагачоў – Жлобін.
Паводле пісьмовых крыніц Лучын з XV ст. быў у складзе Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ). Аб гэтым сведчыць грамата караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра Ягелончыка ад 15 мая 1480 г., выдадзеная на імя гандляра Л. Цярэшкавіча аб дазволе на бяспошлінны гандаль у гарадах ВКЛ. Другая ўзгадка маецца ў лісце каралевы Боны Сфорцы ад 1548 г. да Рагачоўскага эканома ў сувязі са скаргамі сялян Лучына з-за павышэння падаткаў. З 1556 г. Лучын быў аднесены да Рагачоўскага староства. У 1562 г. горад быў разрабаваны і спалены татарамі. У 1565–1566 гг. па выніках адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы ён увайшоў у Рэчыцкі павет. З 1593 г. Лучын упамінаецца як сяло, дзе стаяла царква ў гонар святога Міколы Цудатворцы, якая з 1590-х гг. і да 1832 г. была ўніяцкай.
Лучын перажыў асабліва цяжкі перыяд, звязаны з казацка-сялянскай вайной 1648–1651 гг. і вайной Расіі з Рэччу Паспалітай у 1654–1667 гг. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай ён увайшоў у склад Расійскай Імперыі і паводле рэвізіі 1858 г. знаходзіўся ва ўласнасці памешчыка Д. Турчанінава ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. На гэты час у Лучыне пражывала 569 жыхароў і было 102 двары. З 1871 г. тут дзейнічала прадпрыемства па вырабу цукру, з 1880 г. працаваў хлебазапасны магазін. У 1881 г. у Лучыне быў узведзены спецыяльны будынак для народнага вучылішча і ўжо ў 1889 г. у ім навучалася 86 вучняў. Згодна з 1-м перапісам Расійскай Імперыі (1897 г.) у Лучыне было 1383 жыхары і 178 двароў, 5 ветракоў, 2 крупарушкі, цагельня, 4 крамы, піцейны дом.
На 1909 г. у населеным пункце жыло 1362 жыхары і налічвалася 227 двароў, бібліятэка пры школе, 605 дзесяцін зямлі. З 1 студзеня 1919 г. вёска адносілася да ССРБ, а з вясны гэтага года ўвайшла ў склад РСФСР. У 1924 г. у рамках першага ўзбуйнення БССР Лучын зноў увайшоў у яе склад і адносіўся да Рагачоўскага раёна, а ў жніўні 1924 г. стаў цэнтрам Лучынскага сельсавета Рагачоўскага раёна Бабруйскай акругі (да 26 ліпеня 1930 г.). На працягу 1924–1930 гг. была адкрыта чатырохгадовая школа, створана першае таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі “Шлях селяніна”, першы калгас “Дняпроўская хваля”, пабудаваны сельскі клуб і будынак для сямігадовай школы. З 20 лютага 1938 г. вёска Лучын аднесена да Гомельскай вобласці.
Вялікая Айчынная вайна пакінула трагічны след у гісторыі вёскі. Перад яе пачаткам колькасць насельніцтва складала 1413 чалавек. Рагачоўскім ваенкаматам на абарону Айчыны было прызвана 250 жыхароў вёскі. Тэрыторыя калгаса была занята акупацыйнымі войскамі 2 ліпеня 1941 г., якія пачалі ажыццяўляць у дачыненні да мясцовага насельніцтва палітыку генацыду. 26 кастрычніка 1943 г. за сувязь з партызанамі і дапамогу ім у знішчэнні нямецкага батальёна фашыстамі былі забіты 15 жыхароў Лучына, а на тэрыторыі Лучынскага сельсавета лік ахвяр склаў 141 чалавек. З 296 двароў было зруйнавана 282, прымусова адпраўлена ў Германію 25 чалавек, 45 чалавек – у канцлагер у Азарычах.
Вёска, у якой засталося 14 двароў, была вызвалена ад акупантаў 26 чэрвеня 1944 г. на чацвёрты дзень наступальнай аперацыі “Баграціён” войскамі 1-га Беларускага фронту. З 250 жыхароў вёскі, якіх прызвалі ў 1941 г., на франтах барацьбы з ворагам (на вайне) загінулі 125 жыхароў.
Памяць пра вайну свята ўшаноўваецца ў Лучыне: на яго тэрыторыі ўстаноўлены помнік і шэраг мемарыяльных пліт у памяць пра загінулых за вызваленне вёскі і ахвяр акупацыі. Асабліва ганарацца лучынцы сваімі аднавяскоўцамі, якія ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Гэта лётчык Пётр Пілютаў, генерал-лейтэнант Мікіта Брылёў, капітан Марк Жукаў. 23 снежня 2021 г. у сувязі з 115-цігоддзем Пятра Пілютава на будынку школы была ўстаноўлена памятная дошка.
Пасля вайны вёска пачала аднаўляцца. Згодна з перапісам 1959 г. у ёй пражывала 1410 чалавек, у 1975 г. сюды перасяліліся жыхары пасёлка “Шлях селяніна”. У 2011 г. Лучын атрымаў статус аграгарадка. Цяпер тут функцыянуюць школа, дзіцячы сад, клуб, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, 3 крамы. З 2016 г. пачалося аднаўленне царквы, якая была зруйнавана ў 1943 г., а ў 2017 г. храм пасля асвячэння адкрыў свае дзверы для вернікаў. 16 верасня 2022 г. у набліжэнні свята Дня народнага адзінства ў школе быў адкрыты музейны пакой “Лучын на Дняпры”.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2024 г.
