Дата пачатку:
1433 Уселюб, аг., Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць
Кароткая даведка:
помнік гатычнай архітэктуры, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Касцёл Святога Казіміра ; Касцёл у гонар Святога Казіміра; Касцёл Узвышэння Святога Крыжа; Уселюбскі Крыжаўзвіжанскі касцёл
Назвы на іншых мовах:
Church of St. Casimir (англійская); The Cross Exaltation Catholic Church (англійская); Вселюбский Казимировский костёл (руская); Вселюбский костёл Воздвижения Святого Креста (руская); Крестовоздвиженский костёл (руская);
Папярэднія назвы:
Касцёл Святога Яна Хрысціцеля
1883 сімвалы
Даведка
На тэрыторыі сучаснай Беларусі найбольш раннім помнікам гатычнага мураванага храмабудаўніцтва з’яўляецца касцёл Святога Казіміра ў аграгарадку Уселюб (Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці).
Згодна з гістарычнымі крыніцамі, храм быў пабудаваны па фундацыі ўладальніка мястэчка Яна Няміры – канюшага вялікага князя літоўскага Вітаўта – у гонар свайго нябеснага патрона Яна Хрысціцеля. Па іншых звестках, яго заснаваў сын Няміры – Андрэй Уселюбскі. У некаторых дакументах названа дата 1433 г.
Даследчыкі мяркуюць, што першапачаткова будынак складаўся з прамавугольнага асноўнага аб’ёму і пяціграннай апсіды, быў накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам. Падмуркі выкладзены з вялікіх і сярэдніх валуноў, сцены – з гладкай цэглы ў тэхніцы гатычнай муроўкі. У тоўшчы заходняй сцяны зроблены вінтавыя ўсходы, якія вялі на драўляныя хоры і паддашак. Галоўны фасад і аконныя праёмы былі ўпрыгожаны высокімі стральчатымі арачнымі нішамі, сцены ўзмоцнены контрфорсамі. Разам з рысамі “цаглянай готыкі” у будынку даследчыкі адзначаюць відавочны ўплыў традыцый мясцовага драўлянага дойлідства. У 1576–1642 гг. храм дзейнічаў як кальвінскі збор, затым вернуты католікам. З гэтага часу касцёл вядомы пад назваю храма Святога Казіміра. За часы свайго існавання яго знешні выгляд быў значна зменены шматлікімі рамонтамі і перабудовамі. Вопісы касцёла сведчаць, што асноўныя работы ажыццёўлены ў 1790–1810 і 1898 гг., калі касцёл набыў сучасную архітэктуру. У 2-й палове ХХ ст. храм закрылі. Пасля пажару, калі былі знішчаны завяршэнні вежы, дах і сістэма перакрыццяў, будынак шмат гадоў знаходзіўся ў запусценні і не аднаўляўся. У 1980-я гг. касцёл грунтоўна даследавалі і перадалі вернікам, якія яго рэканструявалі. Паўторнае пасвячэнне касцёла ў імя Святога Казіміра адбылося 14 верасня 1991 г. У 2017–2019 гг. сіламі парафіян было праведзена аднаўленне храма.