Баранавіцкі камбінат жалезабетонных канструкцый – адно з вядучых прадпрыемстваў будаўнічай індустрыі Рэспублікі Беларусь.
Неабходнасць будаўніцтва прадпрыемства па вырабе жалезабетонных канструкцый узнікла яшчэ ў далёкія 50-я гг. ХХ ст. У 1954 г. была прынята Пастанова Савета Міністраў СССР аб развіцці вытворчасці жалезабетонных канструкцый, у тым ліку і ў Беларусі. Баранавіцкі камбінат жалезабетонных канструкцый быў створаны ў адпаведнасці з загадам № 59 Міністэрства будаўніцтва БССР ад 10.02.1965 г. Тады ж пачалося і яго будаўніцтва. Пробная фармоўка пліт пакрыцця прамысловых будынкаў была здзейснена 28 студзеня 1968 г., а 8 лютага 1968 г. Баранавіцкі камбінат жалезабетонных канструкцый уведзены ў строй. У 1976 г. за выдатныя дасягненні ў вытворчасці камбінату прысвоена званне ўзорна-паказальнага прадпрыемства Міністэрства будаўніцтва СССР. У 1986–1987 гг. ён двойчы станавіўся пераможцам Усесаюзнага спаборніцтва і быў унесены на Усесаюзную дошку гонару ВДНГ СССР.
У працэсе прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці прадпрыемства пераўтворана ў адкрытае акцыянернае таварыства “Баранавіцкі камбінат жалезабетонных канструкцый” (ААТ “Баранавіцкі КЖБК”) і зарэгістравана Брэсцкім абласным выканаўчым камітэтам у Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў 15 снежня 2009 г. (форма ўласнасці – прыватная). На сённяшні дзень Баранавіцкі КЖБК – гэта сучаснае прадпрыемства, якое ідзе ў нагу з часам і мае магчымасць камплектавання будаўнічых аб’ектаў ад фундамента і да пакрыцця. Аператыўна і высокаэфектыўна арганізуецца вытворчасць канструкцый па самых сучасных праектах. Калектыў мае вялікі вопыт па пастаўцы канструкцый для высотных каркасных будынкаў, спартыўных і грамадскіх збудаванняў тыпа стадыёнаў, крытых спартыўных комплексаў, вакзалаў і гандлёвых цэнтраў, прамысловых карпусоў любога прызначэння, адміністрацыйна-інжынерных будынкаў.
З выкарыстаннем прадукцыі Баранавіцкага камбіната ЖБК у Беларусі пабудавана шмат значных аб’ектаў. У Мінску – гэта Камароўскі рынак, будынак чыгуначнага вакзала “Мінск-пасажырскі”, Палац Рэспублікі, футбольны манеж на праспекце Пераможцаў, комплекс “Мінск-Арэна”. У Брэсце – Вяслярны канал, Лядовы палац, лёгкаатлетычны манеж, комплекс для гульнявых відаў спорту “Вікторыя”, стадыён “Дынама”, вытворчыя карпусы СП “Санта Брэмар”. У Віцебску – летні амфітэатр, дзе праходзіць фестываль “Славянскі базар”, карпусы медыцынскага ўніверсітэта. У Гродна – хірургічны корпус дзіцячай клінічнай бальніцы і кардыялагічны корпус па вул. Болдзіна, 10, карпусы СТАА “Конте-СПА”. У Кобрыне – аквапарк, лядовы палац. У Шклове – завод па вытворчасці газетнай паперы. Канструкцыі Баранавіцкага камбінта ЖБК (больш за 20% прадукцыі) актыўна пастаўляюцца за межы рэспублікі, у асноўным, у Расію, Латвію і Літву. Яны выкарыстоўвываліся пры будаўніцтве памежнага грузавога тэрміналу “Казловічы-2”, рэканструкцыі Калінінградскага порта і будаўніцтве Калінінградскай ТЭЦ-2, будаўніцтве жылля для ваенаслужачых Калінінградскай вобласці. ААТ “Баранавіцкі КЖБК” прымае актыўны ўдзел у выстаўках, якія праводзяцца як у Рэспубліцы Беларусь, так і па-за яе межамі.
У 2017 г. прадпрыемства рэарганізавана шляхам далучэння да ААТ "Крычаўцэментнашыфер". Яго прадукцыя з'яўляецца пераможцам конкурсу "Лепшы будаўнічы прадукт" (2020).
Матэрыял падрыхтаваны на аснове даведачных выданняў, а таксама звестак, дасланых ААТ “Баранавіцкі КЖБК” у 2009 г., актуалізаваны ў 2024 г.