У канцы XIX ст. у Гродзенскай губерні, да якой тады належаў Брэст-Літоўск, было вырашана заснаваць шэраг дзяржаўных спіртагарэлачных вытворчасцей. Профільныя прадпрыемствы называліся «казённымі віннымі складамі». У 1897 г. у Брэст-Літоўску быў пабудаваны «Вінны склад № 4». На прадпрыемстве ажыццяўлялася падрыхтоўка і разліў у шкляны посуд «хлебнага віна» – менавіта так у той час называлася гарэлка. На працягу 18 гадоў прадпрыемства вырабляла два гатункі саракаградуснай гарэлкі і тры гатункі пітнога спірту. Прадукцыя пастаўлялася ў многія паветы губерні і прадавалася ў «казённых» крамах.
Першая сусветная вайна прывяла да спынення вытворчасці. У жніўні 1915 г. Брэст-Літоўск быў пакінуты непрыяцелю. Найбольш каштоўная маёмасць «Віннага склада» была вывезена. На працягу наступных трох гадоў ад гарэлачнага завода засталіся каркасы будынкаў з выбітымі і выгарэлымі вокнамі.
У 1921 г. у выніку Рыжскага мірнага дагавора Брэст-Літоўск перайшоў пад юрысдыкцыю Польскай Рэспублікі. Польская адміністрацыя прыкладала значныя намаганні для аднаўлення горада. Адной з новабудоўляў стаў будынак гарэлачнага завода па новым адрасе Садовая, 8. Прадпрыемства, узведзенае акцыянерным таварыствам «Познань», было добра абсталявана і мела калектыў колькасцю звыш 70 чалавек. З увядзеннем з 1925 г. дзяржаўнай манаполіі на вытворчасць і продаж моцных спіртных напояў АТ «Познань» закрыла завод. У хуткім часе яго будынак і іншая гаспадарка была выкуплена магістратам. У 1928 г. на прамысловай карце горада з'яўляецца «Вытвурня вудэк № 7». Завод быў зноў адбудаваны на тэрыторыі былога склада па вуліцы Дамброўскага, 1 (цяпер Савецкая, 1). Частку калектыву склалі вопытныя кадры, якія раней працавалі на прыватным заводзе. Да канца 1930-х гг. прадпрыемства перажыло яшчэ дзве мадэрнізацыі. Апошняя завяршылася ў пачатку 1939 г. Сучаснае абсталяванне і кваліфікаваны персанал (больш за 100 чалавек) дазвалялі вырабляць штогод звыш 3 млн літраў белай гарэлкі, а таксама спірту-дэнатурату.
1 верасня 1939 г. пачалася Другая сусветная вайна. 17 верасня горад над Бугам быў захоплены часткамі 19-га вайсковага корпуса вермахта. Усе прадпрыемствы Брэста спынілі працу. 22 верасня 1939 г. горад быў перададзены 29-й лёгкатанкавай брыгадзе Чырвонай арміі. Гарэлка была хадавым таварам, таму прадпрыемства аднавіла сваю дзейнасць увосень 1939 г. Быў прызначаны новы дырэктар, створаны заўкам. Большасць працоўных месц занялі старыя кадры, але інжынерна-тэхнічнае ядро, якое складалася з палякаў, было практычна страчана. Шэраг спецыялістаў трапілі пад рэпрэсіі. У студзені 1940 г. завод атрымаў назву «Вызваленая праца». Па выніках гэтага ж года завод забяспечыў 41 % ад валавога абароту ўсёй прамысловасці Брэста. Калектыў складаўся з 119 чалавек і быў трэцім па колькасці ў горадзе.
22 чэрвеня 1941 г. пачалася Вялікая Айчынная вайна. Брэст апынуўся на напрамку галоўнага ўдару ворага. У 1941 г. нямецкая адміністрацыя аднавіла працу Гарэлачнага завода. Цяпер ён называўся «Водкафабрык» і выпускаў гарэлку крэпасцю 38 градусаў, большая частка якой выкарыстоўвалася «для патрэб арміі». У 1944 г. акупанты мелі план знішчэння гарадской інфраструктуры і прамысловых аб'ектаў, аднак Гарэлачны завод яны падарваць не паспелі. Каб аднавіць прадпрыемства партыйныя і савецкія органы Брэста прыклалі вялікія намаганні: у канцы 1944 г. завод атрымаў першую прадукцыю. Да 1947 г. прадпрыемства было поўнасцю адноўлена.
У пачатку 1950-х гг. на заводзе з'явіліся аўтаматы разліву карусельнага тыпу, што значна павысіла якасць працы. У канцы 1950-х гг. завод стаў лікёра-гарэлачным. На працягу 60–70-х гг. мінулага стагоддзя Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод (БЛГЗ) паступальна развіваўся і нарошчваў магутнасці. Быў асвоены выпуск новых відаў гарэлкі, у т.л. «Маскоўскай асобай» і «Сталічнай». Таксама брэстаўчане ажыццявілі першыя экспартныя пастаўкі ў шэраг сацыялістычных краін. З 1968 г. геаграфія экспарту пашырылася: у Брэсце сталі вырабляць гарэлку для спажыўцоў Германіі і іншых краін Заходняй Еўропы.
У 1976 г. было створана аб'яднанне «Брэстспіртпрам». Наступнае дзесяцігоддзе стала часам росквіту прадпрыемства, якое ператварылася ў аднаго з лідараў галіны. Вялікім попытам на рэспубліканскім рынку, а таксама за яго межамі карысталіся такія гатункі гарэлкі як «Экстра», «Пшанічная», «Сібірская», «Пятроўская», «Руская», «Белавежская», «Зуброўка», «Рабіна на каньяку».
У сярэдзіне 1980-х гг. развіццё прадпрыемства было спынена антыалкагольнай кампаніяй у СССР. Коштам вялікіх намаганняў кіраўніцтву БЛГЗ удалося захаваць завод.
Атрыманне Рэспублікай Беларусь незалежнасці і суверэнітэту супала з маштабным эканамічным крызісам пачатку 1990-х гг., аднак прадпрымальнасць і настойлівасць дапамаглі кіраўніцтву прадпрыемства і яго калектыву захаваць прадпрыемства. На працягу 90-х гг. ХХ ст. аб'ёмы вытворчасці БЛГЗ складалі больш за 1–1,3 млн дэкалітраў у год. На рынак былі выведзены ўласныя гандлёвыя маркі лікёра-гарэлачных вырабаў. Адной з самых запатрабаваных з'яўлялася недарагая гарэлка «Палеская». Сама назва завода ператварылася ў вядомы і папулярны брэнд. Шэраг прадуктаў быў адзначаны высокімі ўзнагародамі на міжнародных выставах і прэстыжных дэгустацыйных конкурсах. Сярод іх белыя гарэлкі: «Беларусь», «Беларусь сінявокая», «Палярная», «Хазарская», «Сталіца», «Люкс», «Бярозавая». У розныя гады атрымлівалі ўзнагароды фірменныя моцныя настойкі «Бярэсце», «Беларуская паляўнічая» і інш.
У новае стагоддзе прадпрыемства ўступіла з назвай «Белалка» (афіцыйнае найменне – Рэспубліканскае вытворчае ўнітарнае прадпрыемства «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод “Белалка”»). У пачатку нулявых брэстаўчане ўмацавалі свае пазіцыі сярод іншых прадпрыемстваў галіны, а па экспартных паказчыках заставаліся нязменнымі лідарамі.
Цяпер у склад ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод “Белалка”» ўваходзяць тры вытворчыя адзінкі: лікёра-гарэлачны завод ў Брэсце і прадпрыемствы ў Івацэвічах і Бродніцы (Брэсцкая вобласць), якія выпрацоўваюць аснову фірменных моцных напояў – спірт-рэктыфікат. ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод “Белалка”» ўваходзіць у склад холдынга «МІНСК КРЫШТАЛЬ ГРУП». Прадпрыемства – лаўрэат Прэміі Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў галіне якасці (1999, 2002, 2012, 2017, 2020, 2023). Экспарт складае каля 15 % ад агульнага аб'ёму вытворчасці. Геаграфія паставак ААТ «Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод “Белалка”» ахоплівае больш за 20 краін свету: Расія, Казахстан, Азербайджан, Арменія, Кыргызстан, Грузія, Кітай, Турцыя, ЗША, Бразілія, Чылі, Ізраіль. У розныя перыяды былі наладжаны адгрузкі ў больш аддаленыя рэгіёны, такія як Новая Зеландыя.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2026.