Кароткая даведка:
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю
Варыянты назвы:
Брэсцкі Свята-Сімяонаўскі кафедральны сабор; Кафедральны сабор у імя святога Сімяона Стоўпніка
Назвы на іншых мовах:
Брестская Симеоновская церковь (руская); Брестский кафедральный Симеоновский собор (руская); Брестский Свято-Симеоновский кафедральный собор (руская);
2807 сімвалаў
Даведка
Галоўны храм Брэста – кафедральны сабор у імя святога Сімяона Стоўпніка – пабудаваны ў руска-візантыйскім стылі. Аўтар праекта – брэсцкі гарадскі архітэктар В. Палікарпаў. Першы праект будаўніцтва зацверджаны яшчэ ў 1846 г., аднак на таргах падрада на пабудову храма не знайшлося пакупнікоў. Таму было вырашана весці будаўніцтва гаспадарчым спосабам у межах вылучанай урадам сумы. Гэта прымусіла значна спрасціць праект, які быў зноў зацверджаны 18 красавіка 1854 г.
Будаўніцтва каменнага храма было пачата толькі ў 1862 г. Працы вяліся рознымі майстрамі. Цагляны мур выконвалі муляры Чарнігаўскай губерні, сталярныя, дахавыя, тынкавальныя і малярныя працы – майстры з Брэста. Іканастас зрабіў таксама мясцовы рэзчык. Абразы, напісаныя мастаком Цітовым, богаслужэбны посуд і звон вагай у 100 пудоў прывезлі з Масквы. Чугунныя агароджы для хора і ганкаў адлілі на заводзе Эванса ў Варшаве. 7 лістапада 1865 г. хросным ходам у царкву былі перанесены мошчы прападобнага ігумена Афанасія Філіповіча (захоўваліся да 1915 г.). Храм быў асвечаны 8 лістапада 1865 г.
Будынак цэнтрычнай крыжовай у плане кампазіцыі: магутны кубападобны аб’ём узнесены на высокі філёнгавы цокаль з ружовага граніту і завершаны 5-купаллем, сярод якога дамінуе магутны 8-гранны барабан. Уваход вырашаны кілепадобным перспектыўным парталам, над якім ніша такой жа формы з выявай Сімяона-Стоўпніка. Фасады прарэзаны вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі, апяразаны прафіляванымі карнізам і філёнгавым парапетам з трохвугольнымі франтонамі.
У інтэр’еры светлавы барабан праз ветразі і 4 аркі абапіраецца на 4 магутныя пілоны. Прыдзелы, прытвор і апсіда перакрыты цыліндрычнымі і крыжовымі скляпеннямі. У залу шырокім арачным прасветам раскрываюцца хоры. Інтэр’ер дэкарыраваны трафарэтнай арнаментыкай. Апсіда вылучана шырокім арачным прасветам і драўляным іканастасам. У храме захоўваюцца абразы: “Аплакванне Хрыста” (аўтар Л. Грушэўскі, 1800), “Мроя святых Кірыка і Уліты” і “Мроя святой Людмілы” (абодва 1-й чвэрці ХІХ ст.).
У 1886 г. храм быў капітальна адрамантаваны пад наглядам акадэміка архітэктуры В. І. Чагіна. У 1988 г. зноў рэстаўрыраваны. У 1995 і 2001 гг. сабор наведваў патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ. 18 жніўня 1997 г. мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт асвяціў у храме копію крыжа Ефрасінні Полацкай, выкананую брэсцкім мастаком Мікалаем Кузьмічом.
Зараз у царкве захоўваюцца часткі мошчаў святога Мікалая Цудатворца, прападобных Афанасія Філіповіча, Сергія Раданежскага, Ефрасінні Полацкай, свяціцеля Інакенція Раданежскага і інш. Дзейнічае нядзельная школа, праваслаўная бібліятэка і сястрыцтва ў гонар Афанасія Брэсцкага, мучаніц Веры, Надзеі, Любові і іх маці Сафіі.
Матэрыял падрыхтаваны Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага ў 2011 г.