Кароткая даведка:
помнік архітэктуры позняга класіцызму, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Валожынскі касцёл Святога Іосіфа
Назвы на іншых мовах:
Church of St. Jozeph (англійская); St. Jozeph Catholic Church (англійская); Воложинский костёл Святого Иосифа (руская); Воложинский костёл Святого Юзефа (руская);
2252 сімвалы
Даведка
У цэнтры Валожына (Мінская вобласць) узвышаецца велічны белакаменны храм – Касцёл Святога Юзафа.
Згодна з гістарычнымі крыніцамі, у мястэчку існавалі каталіцкая парафія (з XV ст.) і кляштар бернардзінцаў (з XVII ст.). Маюцца звесткі і пра драўляныя касцёлы, апошні з якіх (1690–1815 гг.) быў знішчаны чарговым пажарам. У 1816 г. па фундацыі ўладальніка Валожына графа Юзафа Ігнацыя Тышкевіча па праекце архітэктара Л. Стуокі-Гуцявічуса ўзведзена новая святыня.
Касцёл уяўляе сабой манументальны цагляны прамавугольны ў плане будынак на высокім бутавым цокалі. Накрыты двухсхільным дахам, над алтарнай часткай якога ўзведзена гранёная вежачка-сігнатурка. На галоўным фасадзе змешчаны порцік з шасцю калонамі і трохвугольным франтонам. У нішах пад порцікам некалі стаялі скульптуры евангелістаў (не захаваліся). На бакавых сценах – высокія прамавугольныя аконныя праёмы ў плоскіх ліштвах. Унутраная прастора падзелена магутнымі аркадамі на тры падоўжныя нефы, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі. У тарцах бакавых нефаў вылучаны сакрыстыі, над нартэксам на шырыню залы – галерэя хораў. У храме знаходзілася пяць каменных алтароў, упрыгожаных разьбой.
На працягу доўгага часу Валожынскі касцёл з’яўляўся родавай пахавальняй Тышкевічаў. Пры ім утрымліваліся таксама невялікая багадзельня і пачатковая школа для сялянскіх дзяцей. У 1829 г. побач узведзена мураваная брама-званіца з трыма бронзавымі званамі. У перыяд 1864–1919 гг. храм дзейнічаў у якасці праваслаўнай царквы. Вялікі пажар 1919 г. значна пашкодзіў яго інтэр’ер. У 1960 г. касцёл закрылі, а яго ўнутранае начынне (арган, алтары, амбон, дэкаратыўныя ўпрыгожванні, фігуры евангелістаў ля ўваходу) знішчылі. Будынак стаў выкарыстоўвацца як склад, цэх будаўнічага жалезабетону, філіял мінскага завода «Тэрмапласт».
Вяртанне касцёла каталіцкай царкве адбылося ў пачатку 1990-х гг. У выніку вялікіх рэканструкцыйных і рамонтных работ, быў амаль поўнасцю адноўлены знешні выгляд і ўнутранае ўбранства. У 2007 г. побач усталяваны помнік Яну Паўлу ІІ.
У цяперашні час Валожынскі касцёл Святога Юзафа дзейнічае. У якасці помніка архітэктуры позняга класіцызму ён унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.