Штогадовы міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” заснаваны ў 1998 г. Арыгінальная назва фестывалю атрымалася пры складанні двух ключавых слоў: “анімацыя” і “май” (у першыя гады мультыплікацыйны конкурс праходзіў у канцы вясны). Сімвал фестывалю – рознакаляровы аловак.
Першы фестываль быў праведзены ў Мінску і меў назву “Фестываль беларускага анімацыйнага кіно”. У ім прымалі ўдзел беларускія мультфільмы-лаўрэаты міжнародных фестываляў за 1986–1996 гг. і дыпломныя работы выпускнікоў Беларускай акадэміі мастацтваў (курс І.В. Волчака). Арганізатарамі фестывалю выступілі Беларускі саюз кінематаграфістаў у асобе рэжысёра-аніматара І.В. Волчака і дзіцячая кінавідэастудыя “Даквіст” пры Беларускім саюзе кінематаграфістаў.
З цягам часу фестываль значна змяніўся. Зараз ён праводзіцца ў Магілёве ў трэцяй дэкадзе верасня, мае разнастайную конкурсную праграму і шырокую геаграфію краін-удзельніц (у 2010 г. удзельнічалі 35 студый з 19 краін свету). Арганізатарамі фестывалю выступаюць дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі, упраўленні культуры Магілёўскага абласнога і гарадскога выканкамаў. Мэта фестывалю – папулярызацыя лепшых твораў сусветнай і айчыннай анімацыі, падтрымка анімацыйнага кіно, знаёмства гледачоў з мультыплікацыяй апошніх гадоў, умацаванне культурных сувязей паміж Беларуссю і краінамі-удзельніцамі мерапрыемства.
У межах “Анімаёўкі” штогод праводзіцца конкурс анімацыйных стужак. Праграма фестывалю, акрамя конкурса, уключае: дэманстрацыі конкурсных і пазаконкурсных мультфільмаў, тэматычныя тэатралізаваныя прадстаўленні, канцэрты, выстаўкі фотаздымкаў, кніг для дзяцей, дзіцячых малюнкаў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, творчыя сустрэчы з аніматарамі, кампазітарамі, майстар-класы па стварэнні мультфільмаў, віктарыны. Прафесійнае журы вызначае лепшыя мультфільмы ў некалькіх намінацыях: “Лепшы фільм фестывалю”, “Лепшы эксперыментальны фільм”, “Лепшы фільм для дзяцей”, “Лепшае выяўленчае рашэнне”, “Майстру”, “Прыз глядацкіх сімпатый”, спецыяльны прыз “Сярэбраны аловак”.
Матэрыял падрыхтаваны Магілёўскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна ў 2011 г.