Дата пачатку:
1998 Акцябрскі, г. п., Гомельская вобласць
Кароткая даведка:
рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва
2817 сімвалаў
Даведка
Сярод вялікай колькасці фестываляў аматарскай творчасці яскрава вылучаецца рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”. У славянскай міфалогіі Берагіня – ахоўніца жанчын і дзяцей. У беларусаў гэты вобраз адлюстраваны ў ткацтве, а на фестывалі ён атрымаў новае гучанне, звязанае з аховай народнай культуры. Першы фестываль прайшоў у 1998–1999 гг. у межах Акцябрскага раёна, другі – у 2001 г., які ахапіў ужо ўсю Гомельскую вобласць. Пачынаючы з трэцяга фестывалю ў 2004 г. этнафорум мае статус рэспубліканскага. Аўтарам ідэі, навуковым і мастацкім кіраўніком праекта з’яўляецца этнахарэограф М. А. Козенка. Заснавальнікамі сталі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі абласны выканаўчы камітэт, Акцябрскі раённы выканаўчы камітэт, Беларускі фонд культуры, якія ствараюць умовы для таго, каб свята стала адметным і запамінальным. З 2008 г. фестываль праходзіць пад патранатам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА. Праводзіцца ў чатыры этапы на працягу двух гадоў. Першыя тры этапы праходзяць ва ўстановах культуры і адукацыі абласцей і раёнаў, заключны – у гарадскім пасёлку Акцябрскім. Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прыцягненне ўвагі грамадства да праблем выхавання дзяцей і моладзі сродкамі традыцыйнага народнага мастацтва, вывучэнне, аднаўленне і захаванне мясцовых традыцыйных культур, стымуляванне і падтрымка дзіцячага і маладзёжнага фальклорнага руху – задачы, што рэалізуюцца ў час шматлікіх мерапрыемстваў свята. Этнафорум накіраваны на ідэалагічнае і патрыятычнае выхаванне моладзі і падлеткаў шляхам далучэння да спадчыны свайго народа. Падчас фестывалю ўдзельнікі аматарскіх калектываў навучаюцца старадаўнім народным танцам, ігры на музычных інструментах, ад носьбітаў мясцовых мастацкіх традыцый пераймаюць аўтэнтычныя песні, казкі, легенды, паданні. Асноўнымі мерапрыемствамі сталі конкурсы танцавальных пар – выканаўцаў народных побытавых танцаў, турнір дзіцячых і маладзёжных фальклорных калектываў, прэзентацыя аўтэнтычных гурткоў і фальклорных калектываў, конкурс салістаў – выканаўцаў твораў народнай спадчыны, выстаўкі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што надаюць гэтаму святу асаблівы каларыт, ствараюць атмасферу шчырасці, добразычлівасці, творчасці і сяброўства. Да кожнага фестывалю выдаюцца даведнікі, якія змяшчаюць інфармацыйныя, даследчыя, метадычныя і навукова-папулярныя матэрыялы па асноўных аспектах мерапрыемстваў, а таксама матэрыялы навукова-практычных канферэнцый “Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання”. Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня” – цудоўная з’ява беларускай культуры, якая ўзнікла на аснове традыцый народнай творчасці, харэаграфічнай і песеннай аўтэнтычнай культуры беларусаў.