Дата нараджэння:
28.07.1890 Жалудок, г. п., Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці:
05.04.1981
Кароткая даведка:
французскі жывапісец, скульптар, аўтар пейзажаў, партрэтаў, нацюрмортаў
Варыянты імя:
Крэмень Павел; Крэмень Пінкас; Крэмень Пінкус
Імёны на іншых мовах:
Kre'me`gne Pinchus (французская); Кремень Павел (руская); Кремень Пинхус (руская);
3340 сімвалаў
Даведка
Адным з выдатных мастакоў-экспрэсіяністаў ХХ ст. з’яўляецца прадстаўнік Парыжскай школы жывапісу, выхадзец з Беларусі Пінхус Крэмень.
Нарадзіўся ён у мястэчку Жалудок Лідскага павета Віленскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці) у яўрэйскай сям’і. Бацька займаўся вырабам з дрэва цацак і розных прадметаў для сялянскіх хат. У дзевятнаццацігадовым узросце П. Крэмень паступіў у Віленскую рысавальную школу, дзе пазнаёміўся і пасябраваў з Х. Суціным і М. Кікоіным. У 1912 г. ён разам з бежанцамі нелегальна перасёк мяжу Расійскай імперыі і праз Германію выехаў у Францыю.
У Парыжы ён пасяліўся ў вядомым доме-камуне для пачынаючых мастакоў «Вулей» («La Ruche»). Наведваў заняткі мастака-акадэміста Ф. Кармона ў Нацыянальнай вышэйшай школе мастацтваў. Творчае асяроддзе і цесныя сувязі з таленавітымі мастакамі камуны А. Мадзільяні, М. Шагалам, Ф. Лежэ і іншымі аказалі значнае ўздзеянне на яго фарміраванне. Спачатку П. Крэмень аддаваў перавагу скульптуры і ў 1914 г. выставіў у Салоне незалежных тры скульптурныя творы. Аднак у далейшым займаўся амаль выключна жывапісам – ствараў пейзажы, партрэты, нацюрморты ў стыле «памяркоўнага» экспрэсіянізму, адлюстроўваў аголеных жанчын (ню). У хуткім часе творы П. Крэменя сталі набываць вядомыя парыжскія маршаны Л. Збароўскі, П. Гіём, Г. Шэрон і інш. У 1919 г. у парыжскай галерэі Ж. Павалоцкага «J. Povolоzky» адбылася яго першая персанальная выстаўка. На ёй былі прадстаўлены пейзажы і серыя ню, створаныя ў г. Серэ (Францыя), які на многія гады стаў для мастака ўлюбёным месцам жыцця і працы. У далейшым П. Крэмень з’яўляўся пастаянным удзельнікам выставак, у тым ліку і міжнародных. Яго працы былі паказаны на выстаўцы «Сучаснае французскае мастацтва», якая праходзіла ў Дзяржаўным музеі новага заходняга мастацтва і Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве ў 1928 г. У час Другой сусветнай вайны П. Крэмень хаваўся ад нацыстаў у дэпартаменце Карэз (Францыя), маляваў мала. Сярод прац гэтага часу пейзажы Карэза, Серэ, Парыжа, а таксама нацюрморты.
У пасляваенны перыяд шмат маляваў, падарожнічаў, набыў зямельны ўчастак у Серэ, дзе ў далейшым пабудаваў дом з майстэрняй. Прымаў актыўны ўдзел у вядомых выстаўках «Сучасныя рускія жывапісцы і скульптары» (1945), «У гонар Перамогі» (1946), «Рускія мастакі Парыжскай школы» (1960, 1961), «Мастакі Манпарнаса» (1970), «Значныя карціны рускіх мастакоў у французскіх калекцыях» (1972), «Рускі погляд» (1974) і інш. У 1950–1970-я гг. адбыліся таксама яго персанальныя выстаўкі ў галерэях Парыжа, Лондана, Філадэльфіі, Іерусаліма, Лазаны, Жэневы і іншых гарадоў. На радзіме працы мастака ўпершыню былі прадстаўлены на выстаўцы «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі» ў 2012–2013 гг.
Творы П. Крэменя працягваюць карыстацца попытам, пастаянна прадстаўлены на аўкцыённых таргах, захоўваюцца ў музейных і прыватных калекцыях у Францыі, ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Ізраілі, Расіі і інш. У карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка» знаходзяцца дзевяць жывапісных твораў мастака, якія ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: «Паляўнік» (1928), «Жанчына сядзіць» (каля 1940 г.), «Аўтапартрэт», «Клетка, птушкі і рыбы», «Пейзаж у Серэ», «Малы нацюрморт», «Жанчына сядзіць», «Кветкі ў збане», «Вялікі нацюрморт у зялёных танах» (усе каля 1950 г.).