Дата пачатку:
1911 Рубяжэвічы, аг., Стаўбцоўскі раён, Мінская вобласць
Кароткая даведка:
помнік архітэктуры неаготыкі, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Рубяжэвіцкі касцёл Святога Язэпа; Рубяжэвіцкі Іосіфаўскі касцёл; Рубяжэвіцкі касцёл Святога Юзафа
Назвы на іншых мовах:
Church of St. Joseph (англійская); St. Joseph Catholic Church (англійская); Рубежевичский Иосифовский костёл (руская); Рубежевичский костёл Святого Иосифа (руская);
1914 сімвалы
Даведка
Гісторыя з’яўлення Касцёла Святога Іосіфа на паўночна-ўсходняй ускраіне аграгарадка Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці пачалася яшчэ ў ХІХ ст., калі мясцовы жыхар Антоні Тур на адным з узгоркаў усталяваў вялізны камень з надпісам «Тут будзе пабудаваны каталіцкі касцёл». Некалькі разоў ён асабіста звяртаўся да імператара Расійскай імперыі з прашэннем на ўзвядзенне ў мястэчку касцёла. Доўгачаканы дазвол быў дадзены толькі ў 1905 г. Узгадненне праекта, збіранне сродкаў і ўзвядзенне храма расцягнулася на некалькі гадоў. У 1911 г. будаўніцтва ў асноўным завяршылі і новы храм асвяцілі.
Касцёл уяўляе сабой прамавугольны ў плане трохнефавы будынак з часанага вапняку пад высокім двухсхільным дахам з васьміграннай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны сакрыстыі. Па баках галоўнага фасада ўзвышаюцца дзве магутныя трох’ярусныя чацверыковыя вежы, умацаваныя па вуглах ступенчатымі контрфорсамі і завершаныя востраканечнымі шатрамі. Тарэц нефа паміж вежамі завершаны двухсхільным зубчастым шчыпцом з круглым вітражным акном-ружай у цэнтры і бетонным лацінскім крыжам. Уваход аформлены высокім гатычным парталам, на бакавых фасадах – высокія спічастыя аконныя праёмы. Унутраная прастора храма падзелена вытанчанымі васьміграннымі слупамі на тры нефы, перакрытыя стральчатымі крыжовымі скляпеннямі. У неагатычным стылі з дрэва выкананы цэнтральны і бакавыя алтары, спавядальні, амбон. У інтэр’еры знаходзяцца 12 насценных барэльефных пано на тэму Крыжовага шляху Хрыста і арган, прывезены з Вільні ў 1912 г. Тэрыторыя храма абнесена мураванай агароджай з трохпралётнай гатычнай брамай.
Касцёл Святога Іосіфа захаваўся да нашых дзён у сваім першапачатковым выглядзе. Як напамін нашчадкам каля яго сцен ляжыць і “камень Тура”. У 1982 г. храм быў адрэстаўраваны. Будынак унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.