Дата пачатку:
1870 Валкалата, аг., Докшыцкі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка:
помнік архітэктуры неабарока, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Валкалацкі касцёл Святога Яна Хрысціцеля; Ваўкалацкі касцёл Яна Хрысціцеля
Назвы на іншых мовах:
Church of St. John Baptist (англійская); Волколатский костёл Иоанна Крестителя (руская); Волколатский костел Святого Иоанна Крестителя (руская);
1420 сімвалаў
Даведка
Згодна з гістарычнымі крыніцамі, парафія ў аграгарадку Валкалата (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) заснавана яшчэ ў 1524 г. У XVII ст. уладальнікі мястэчка Долмат-Ісайкоўскія фундавалі пабудову тут драўлянай святыні. У ХІХ ст. з-за забароны на ўзвядзенне новых каталіцкіх храмаў будаўніцтва новага касцёла было запланавана пад відам рэканструкцыі старога.
Існуючы на гэтым месцы ў цяперашні час мураваны Касцёл Яна Хрысціцеля ўзведзены ў 1870 г. Трохнефавая бязвежавая базіліка з акруглай апсідай і бакавымі сакрыстыямі змуравана з бутавага каменю, дэкаратыўныя дэталі выкананы з цэглы і атынкаваны. Унутраная прастора храма падзелена чатырма драўлянымі слупамі на 3 нефы, якія маюць бэлечныя столі рознай вышыні. Падлога выкладзена керамічнымі пліткамі. У інтэр’еры касцёла змешчана 5 драўляных алтароў, якія дэкарыраваны разьбой, скульптурнымі выявамі анёлаў і святых. У цэнтры першага яруса правага бакавога алтара ўсталяваны абраз у сярэбраным чаканным абкладзе “Маці Божая з дзіцем” (1667). Над уваходам – музычныя хоры з арганам (канец XIX – пачатак XX стст.), які знаходзіцца ў добрым стане і пастаянным скарыстанні на набажэнствах.
Касцёл у гонар Святога Яна Хрысціцеля быў асвечаны ў 1885 г. За часы свайго існавання храм ніколі не закрываўся і не спыняў сваёй працы. Будынак унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.