Дата нараджэння: 27.10.1942 Гісялёва, былая в., Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка: краязнавец, педагог, журналіст, пісьменнік, паэт, перакладчык
Імёны на іншых мовах: Буболо Антон Францевич (руская);
Антон Францавіч Бубала нарадзіўся ў невялікай вёсцы Гісялёва на Віцебшчыне ў канцы кастрычніка 1942 г. Сям’я Бубалаў зведала ўсе жахі ваеннага ліхалецця: холад і голад, хваробы і смерць. Вясной 1943 г. Антон, які быў яшчэ немаўлём, разам з маці, брацікам і сястрычкай апынуўся сярод вязняў Саласпілскага канцэнтрацыйнага лагера. За гады Вялікай Айчыннай вайны ад холаду, голаду і катаванняў у гэтым лагеры загінула 7 000 дзяцей. Канцлагер у Саласпілсе існаваў да канца лета 1944 г. Маці і дзецям Бубалаў пашчасціла аказацца ў ліку выжыўшых.
Пасля вайны сям’я Бубалаў жыла ў в. Сар’я. Антон вучыўся ў мясцовай школе і атрымліваў толькі выдатныя адзнакі па ўсіх прадметах, самастойна вывучаў латышскую, польскую, украінскую і нямецкую мовы. Сярэднюю школу ў Дрысе (цяпер Верхнядзвінск) юнак скончыў з залатым медалём. У 1963 г. атрымаў дыплом фізіка-матэматычнага факультэта Даўгаўпілскага педагагічнага інстытута (цяпер Даўгаўпілскі ўніверсітэт), працаваў настаўнікам у Рэзэкненскім раёне Латвійскай ССР. У 1963–1965 гг. служыў у радах Савецкай Арміі. У 1974 г. скончыў завочнае аддзяленне геаграфічнага факультэта Дзяржаўнага педінстытута ў г. Камсамольску-на-Амуры (цяпер Амурскі гуманітарна-педагагічны дзяржаўны ўніверсітэт), працаваў настаўнікам СШ № 1 г. Амурска Хабараўскага краю (Расія).
У сярэдзіне 1970-х гг. Антон Бубала вярнуўся на Радзіму, настаўнічаў у школах Верхнядзвінскага раёна, пэўны час працаваў у аддзеле прапаганды і агітацыі Верхнядзвінскага райкама КПБ, загадваў аддзелам культуры Верхнядзвінскага райвыканкама, з’яўляўся карэспандэнтам раённай газеты “Дзвінская праўда”. У 1995–2007 гг. займаўся педагагічнай працай, з’яўляўся кіраўніком турыстычных і краязнаўчых гурткоў пры Верхнядзвінскім цэнтры пазашкольнай работы.
Антон Бубала лічыць сваю малую Радзіму адным з найпрыгажэйшых месцаў на зямлі, любоў да роднага краю з дзяцінства пануе ў яго сэрцы. Краязнаўствам А. Бубала пачаў займацца яшчэ напачатку 1970-х гг. Антон Францавіч стаў пачынальнікам шырокага турысцка-краязнаўчага руху на Верхнядзвіншчыне, ініцыятарам і арганізатарам правядзення раённых турзлётаў, пешых, водных паходаў па родным краі, навукова-практычных канферэнцый і экспедыцый. Энтузіяст краязнаўчага руху, А. Бубала разам з сябрамі-краязнаўцамі кожныя выхадныя выпраўляецца ў новыя даследчыя вандроўкі: удакладняе месцазнаходжанне былых вёсак, апісвае гістарычныя і прыродныя помнікі Верхнядзвіншчыны, збірае інфармацыю пра славутых людзей роднага краю. Даследчык мае звесткі амаль пра кожную вёску, сядзібу ці мясціну ад яе першага ўпамінання да сённяшняга дня. Нездарма менавіта яму даверылі рыхтаваць да друку гістарычна-дакументальную хроніку Верхнядзвінскага раёна – кнігу “Памяць”. Антон Бубала з’яўляецца не толькі ўкладальнікам гэтага выдання, ён аўтар шэрагу вершаў, артыкулаў, фотаздымкаў, матэрыялаў, прысвечаных гісторыі і культуры роднага краю, яго славутым людзям.
Шмат увагі краязнавец надае даследаванням падзей Вайны 1812 г. і Вялікай Айчыннай вайны. На Верхнядзвіншчыне фашысты спалілі 426 вёсак, у тым ліку больш за 300 – разам з усімі жыхарамі або іх часткай. Антон Францавіч шмат часу прысвяціў пошукам, сустрэчам, экспедыцыям, падчас якіх запісваў успаміны былых жыхароў “вогненных” вёсак. Сабраную інфармацыю адправіў у нямецкі дабрачынны фонд “Кантакт”, актывісты якога лічаць сваім абавязкам аказаць людзям, якія моцна пацярпелі ў гады вайны, не толькі маральную, але і фінансавую падтрымку. А. Бубала – ініцыятар увекавечання памяці воінаў, партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуючы яго намаганням у раёне пастаўлена 120 памятных знакаў.
Антон Францавіч мае і літаратурны талент. Яго паэтычныя задаткі развіліся, дзякуючы маці і настаўнікам роднай мовы і літаратуры. З 1972 г. вершы А. Бубалы пачалі друкавацца ў раённай газеце, паэтычныя творы і публіцыстыка з’яўляліся на старонках газет “Звязда”, “Літаратура і мастацтва”, “Наша слова”, часопіса “Родная прырода”, альманаха “Дзвіна”, былі надрукаваны ў кнізе народнай памяці “Дзеці вайны”, зборніку “Бацькаўшчына”. У 2002 г. у Мінску выйшаў зборнік вершаў “На зломе лета” – першае самастойнае выданне паэта, у якім змешчаны найбольш характэрныя абразкі яго літаратурнай творчасці. У 2012 г. выйшла з друку новая кніга вершаў і перакладаў “Бяроза над затокай”, а таксама кніга гумару “Паехалі!”. Антон Бубала – аўтар і рэдактар кніг, брашур, буклетаў, календароў, камплектаў фотапаштовак, прысвечаных Верхнядзвіншчыне: “Храмы и монастыри Полоцкой епархии”, “Лірычныя эцюды”, “Край Асвейскіх азёр”, “Тут зоркі купаюцца ў чыстай вадзе”, “З вышыні жаўруковай”, “За гарадской аколіцай” і інш.
Настаўнік па прафесіі і творца па прызванні, Антон Бубала ідзе ў нагу з часам. Ён з’яўляецца навуковым супрацоўнікам рабочай групы па стварэнні Верхнядзвінскага гістарычна-краязнаўчага музея: займаецца фарміраваннем яго экспазіцыі, водзіць завочныя экскурсіі па Верхнядзвіншчыне на старонках раённай газеты, надрукаваў серыю публікацый аб мясцовых праваслаўных храмах. Дзякуючы яго нястомнай працы адкрываюцца невядомыя старонкі гісторыі роднага краю. Сёння ён працягвае радаваць чытачоў раённай газеты “Дзвінская праўда” цудоўнымі вершамі, знаёміць з вынікамі даследаванняў і цікавымі нарысамі з гісторыі роднага краю, нататкамі з вандровак. А кожную вольную часінку краязнавец аддае музыцы: Антон Францавіч Бубала актыўны ўдзельнік хору ветэранаў і жаданы госць на раённых святах. Галоўнай справай свайго жыцця ён лічыць пашырэнне ведаў аб Верхнядзвіншчыне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г. Віцебскай абласной бібліятэкай імя У.І. Леніна.