Дата пачатку:
1890–1893 Красны Бераг, в. (Чырвоны Бераг), Жлобінскі раён, Гомельская вобласць
Кароткая даведка:
помнік сядзіба-паркавай архітэктуры канца ХІХ ст., унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Краснабярэжская сядзіба; Сядзіба Козел-Паклеўскіх; Чырвонабярэжскі сядзібна-паркавы комплекс
Назвы на іншых мовах:
Дворец Гатовского (руская); Краснобережская усадьба (руская);
2365 сімвалаў
Даведка
Сядзібна-паркавы комплекс Козел-Паклеўскіх знаходзіцца на ўскраіне вёскі Красны Бераг Жлобінскага раёна. Гісторыя сядзібы пачынаецца з сярэдзіны XVI ст. Шмат разоў пераходзіла яна ад аднога ўладальніка да другога, пакуль у 1877 г. не была набыта генерал-маёрам Міхаілам Сямёнавічам Гатоўскім. Як пасаг сядзіба адышла да яго адзінай дачкі Марыі, калі тая ўступіла ў шлюб з Вікенціем Козел-Паклеўскім, сынам прадпрымальніка-мільянера з Урала. Калі ў сям’і нарадзілася першае дзіця, шчаслівы дзядуля вырашыў пабудаваць палац, непадобны на іншыя. Для гэтага ён прывёз у Красны Бераг вядомага расійскага архітэктара Віктара Шрэтэра, выпускніка Пецярбургскай і Берлінскай акадэмій мастацтваў (дарэчы ён перабудоўваў Марыінскі і Александрынскі тэатры ў Санкт-Пецярбургу). Усяго за тры гады быў узведзены палац, які ўражваў сваёй незвычайнай прыгажосцю. У яго архітэктуры, якая аддалена нагадвае некаторыя замкі і палацы Баварыі, спалучаюцца рысы неарэнесансу і неаготыкі. Яны надаюць пабудове тонкую гармонію і зладжанасць, таямнічасць і загадкавасць. Будынак палаца адметны таксама і багатым дэкорам: стрэльчатымі праёмамі, эркерамі, вежамі, хімерамі на вадасцёках. Гэта адзіная ў Беларусі сядзіба, дзе можна пабачыць такую разнастайнасць інтэр’ераў: кожны з 36 пакояў палаца меў сваё асобае аздабленне. Памяшканні былі афомлены ў гатычным, раманскім, рэнесансавым, кітайскім, арабскім і маўрытанскім стылях. Памяшканні ўпрыгожвалі персідскія дываны, экзатычная мэбля, вырабы з бронзы, венецыянскага крышталю, англійскага фаянсу, мелася галерэя мастацкіх партрэтаў.
Побач з палацам на беразе ракі знакамітым варшаўскім садаводам Францішкам Шаніёрам быў разбіты англійскі парк пейзажна-рэгулярнага тыпу, дзе раслі дрэвы і кусты 73 відаў. Яны былі старанна падабраны і высаджаны з улікам колеру лісцяў.
Пасля рэвалюцыі Козел-Паклеўскія эмігрыравалі ў Еўропу. Маёнтак у Красным Беразе быў нацыяналізаваны, маёмасць былых гаспадароў разрабавана. З 1920 г. тут працаваў сельскагаспадарчы тэхнікум, падчас Вялікай Айчыннай вайны рамяшчаўся нямецкі шпіталь, а ў пасляваенны час будынак зноў аддалі пад тэхнікум. У 1996–2015 гг. была праведзена маштабная рэканструкцыя і зараз сядзібна-паркавы ансамбль уключае дом, флігель, гаспадарчыя пабудовы, мураваную агароджу з брамай, парк. І зноў, як і ў былыя гады, выклікае захапленне ў наведвальнікаў.