Кароткая даведка:
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Гродзенскі кафедральны Пакроўскі сабор
Назвы на іншых мовах:
The Intercession Cathedral (англійская); Гродненский Покровский собор (руская); Гродненский Свята-Пакроўскі кафедральны сабор (руская);
1083 сімвалы
Даведка
Помнікам рэтраспектыўна-рускага стылю з’яўляецца Кафедральны сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы, пабудаваны на ўшанаванне памяці афіцэраў і ніжніх чыноў 26-й артылерыйскай брыгады, якія загінулі ў руска-японскую вайну 1904–1905 гг. Аўтар праекта храма архітэктар М. Прозараў, будаўніцтвам кіраваў капітан-інжынер І. Савельеў. 30 верасня 1907 г. царква была асвячоная. Архітэктура храма мае насычанае дэкаратыўнае ўбранне, запазычанае са старажытнарускага дойлідства, – какошнікі, шырынкі, вітыя калонкі, магутныя сандрыкі, кілепадобныя броўкі арачных аконных праёмаў. Захаваліся разны драўляны алтар з роспісам, абраз “Маці Божая Казанская”, абразы XIX ст. – “Аляксандр Неўскі і святая пакутніца”, “Маці Божая Адзігітрыя”, “Бог Саваоф”, “Бог Саваоф і анёлы”, “Сашэсце Святога Духа”, “Уваскрэсенне”, “Святая прамудрасць, сатвары сабе дом”. На сценах пры ўваходзе размешчаны мемарыяльныя дошкі з пералікам палкоў і колькасцю воінаў, якія загінулі. Храм унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.