Дата пачатку:
1524 Мураванка, в., Шчучынскі раён, Гродзенская вобласць
Кароткая даведка:
помнік готыка-рэнесанснай архітэктуры, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Маламажэйкаўская царква; Мураванкаўская царква; Мураванкаўская царква Раства Багародзіцы; Мураванкаўская царква-крэпасць; Царква Нараджэння Багародзіцы; Царква ў гонар Ражджаства Багародзіцы
Назвы на іншых мовах:
The Virgin Maria Nativity Church (англійская); Маломожейковская церковь-крепость (руская); Мурованковская церковь-крепость (руская); Храм в честь Рождества Пресвятой Богородицы (руская); Церковь Рождества Богородицы (руская);
2330 сімвалаў
Даведка
Свята-Раства-Багародзіцкая (Мураванкаўская, Маламажэйкаўская) царква пабудавана ў цэнтры вёскі Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці ў 1524 г. Мае стылявыя адзнакі беларускай готыкі. У плане нагадвае правільны прамавугольнік, блізкі да квадрата (15х13,5 м). Да ўсходняга фасада прымыкае адна апсіда амаль на ўсю шырыню царквы. Вежы храма круглыя: дыяметр заходніх – каля 4,5 м, усходніх – каля 3 м. Таўшчыня сцен дасягае 2 м. Сцены і вежы маюць байніцы. Унутраная прастора падзелена чатырма гранёнымі слупамі на тры нефы, якія перакрыты скляпеннямі. Гурты апошніх у перапляценнях утвараюць ромбы і трохвугольнік. Яшчэ на пачатку XIX ст. над скляпеннямі знаходзілася галерэя, а ўваход у царкву абаранялі жалезныя герсы. На жаль, час не пашкодзіў гэтых сярэдневяковых прыкмет.
Фасад храма насычаны дэкаратыўнымі элементамі. Нішамі ўпрыгожаны не толькі сцены, але і вежы, апсіда. Усё збудаванне ахоплівае дэкаратыўны паясок – рад цэглы пакладзены пад вуглом. Спалучэнне цёмна-чырвонага фону сцяны з белымі паясамі і нішамі надае храму асаблівае хараство і не выклікае ўражання суровасці.
Свята-Раства-Багародзіцкая царква была значна пашкоджана ў 1656 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, праз некалькі гадоў адноўлена. У 1706 г. храм трапіў пад гарматны абстрэл войска шведскага караля Карла XII і стаяў спустошаны да пачатку XIX ст. Выгляд царквы значна змяніўся ў час перабудоў у 1822 і 1871–1872 гг. Зніклі некаторыя характэрныя дэталі, якія стваралі непаўторны каларыт царквы-крэпасці. Аказалася замураванай частка байніц на галоўным і бакавых фасадах. Былі раскіданы лесвіцы алтарных вежаў, на адзін ярус надбудаваны вежы заходняга фасада і пабудаваны прытвор. Зроблены новыя карнізы, на вонкавых сценах з’явілася тынкоўка. Аднак, нягледзячы на істотныя змены, першапачатковы выгляд храма ў асноўным захаваўся. У 1920 г. царква была прыстасавана пад касцёл. У час Вялікай Айчыннай вайны моцна пашкоджана, на пачатку 1950-х гг. адрамантаваны сцены, скляпенні і дах.
У XX ст. храм перажыў цяжкія гады бязвер’я, быў закрыты, але дзякуючы намаганням вернікаў вярнуў сваё хараство і былую веліч (адкрыты ў 1990 г.). Сёння Свята-Раства-Багародзіцкая царква знаходзіцца ў цэнтры ўвагі навукоўцаў, турыстаў. Яна прэтэндуе на статус сусветнай культурнай спадчыны.