Назвы на іншых мовах:
Minsk International Film Festival "Listapad" (англійская); Минский международный кинофестиваль "Лістапад" (руская);
3740 сімвалаў
Даведка
Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» – найбуйнейшы кінафорум, на які кожны год збіраюцца рэжысёры, акцёры, аматары кінамастацтва. Мерапрыемства праводзіцца ў лістападзе па рашэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Задачамі фестывалю з’яўляюцца развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязей, паказ дасягненняў нацыянальнага кінамастацтва краін СНД і іншых дзяржаў, устанаўленне творчых кантактаў і абмен вопытам у галіне кіно, тэлебачання, далучэнне гледача да лепшых узораў сусветнага кінематографа. З 2001 г. яго ўрачыстае адкрыццё праходзіць на галоўнай канцэртнай пляцоўцы Беларусі – у Палацы Рэспублікі.
Гісторыя «Лістапада» пачалася ў 1994 г. Першапачаткова ў яго праграму ўключалі 12 фільмаў, якія па розных прычынах не траплялі ў шырокі пракат, але ілюстравалі культуру той ці іншай краіны. Пазней кінафестываль атрымаў міжнародны статус і ў конкурсе ўдзельнічалі кінастужкі не толькі з СНД і Балтыі, але і фільмы з Японіі, Ірана, ЗША, Сербіі і інш. У 2011 г. Міжнародная федэрацыя асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAРF) прадставіла «Лістападу» часовае акрэдытаванне, што дало магчымасць па заканчэнні двух гадоў выпрабавальнага тэрміну папоўніць спіс легендарных сусветных кінафорумаў – Канскага, Берлінскага, Венецыянскага, Маскоўскага і інш. У конкурсную праграму «Лістапада» ўваходзяць ігравыя і дакументальныя фільмы, а таксама работы рэжысёраў-дэбютантаў (маладое кіно), кінастужкі для дзяцей. Самыя ганаровыя ўзнагароды – гран-пры «Золата Лістапада» (за лепшы фільм), «Срэбра Лістапада» (фільм як з’ява мастацтва прысуджае Міжнароднае журы кінапрэсы), «Бронза Лістапада» (атрымоўвае фільм, які больш за ўсіх спадабаўся гледачам). Прэстыжныя ўзнагароды ўручаюцца ў конкурсах дакументальнага кіно, фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лiстападзік». У рамках фестывалю маюцца спецыяльныя прызы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве», «За гуманізм і духоўнасць у кіно», Парламенцкага сходу Беларусі і Расіі «За адданасць маральным ідэалам», Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы «Разам» і інш.
У год святкавання 100-годдзя беларускага кіно ХХХ Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» прайшоў пад слоганам «Кіно са знакам якасці». Для ўдзелу ў ім было пададзена больш за 2200 заявак са 112 краін. У журы фестывалю акрамя беларускіх ўвайшлі выбітныя прафесіяналы з Расіі, Балгарыі, Грузіі, Азербайджана, Кітая, Ірана, Сербіі, Карэі, Індыі, Швейцарыі, Чарнагорыі, Узбекістана, Японіі. На працягу тыдня яны выбіралі лепшыя фільмы ў сямі конкурсных праграмах. «Золата Лістапада» ў катэгорыі ігравых кінастужак атрымаў фільм «Чан’ань. Сіань» (Кітай). У 2024 г. новы прыз за найлепшую рэжысуру імя Міхаіла Пташука быў прысуджаны расійскаму фільму «Там, дзе танцуюць сцерхі». Лепшай ігравой кінастужкай па рашэнні гледачоў стаў фільм «Фортэль» (Турцыя). Спецыяльным прызам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» быў адзначаны расійскі кінаакцёр Дзмітрый Харацьян, прыз «За гуманізм і духоўнасць у кіно» быў прысуджаны расійскаму кінарэжысёру Міхаілу Лукачэўскаму. Лепшым анімацыйным фільмам стаў «Ручаёк, які бяжыць у горы» (Расія). Маленькім гледачам вельмі спадабаўся фільм «Мухадракон», а гран-пры «Лістападзіка» атрымала расійская кінастужка «Трымайся сонца».
Мінскі кінафорум з’яўляецца часткай культурнага жыцця сталіцы: лакацыямі «Лістапада» выступаюць не толькі сталічныя кінатэатры, але і Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», Акадэмія мастацтваў, Музей гісторыі беларускага кіно, дзе створана вялікая экспазіцыя да 100-годдзя беларускага кінематографа. Цырымонія закрыцця ХХХ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла пад слоганам «Любоў да кіно».