Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC), фестываль
Дата пачатку:
1987 Віцебск, г.
Скарочаныя назвы:
IFMC
Назвы на іншых мовах:
International Festival Modern Choreography (англійская); Международный фестиваль современной хореографии (руская); Международный фестиваль современной хореографии в Витебске (руская);
Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) узнік як першы фестываль танца мадэрн на тэрыторыі былога СССР і па-ранейшаму застаецца адным з самых прэстыжных і паспяховых у галіне сучаснай харэаграфіі ў СНД і Еўропе. Праводзіўся ў Віцебску з 1987 г. як Маладзёжны форум брэйк-данса, пазней трансфармаваўся ва Усесаюзны фестываль папулярнага танца “Белы сабака”. Большасць удзельнікаў былі з-за мяжы і прадстаўлялі групы, якія пачалі асвойваць мадэрн і іншыя пластычныя інавацыі. З 1992 г. фестываль стаў міжнародным і існуе ў яго цяперашнім фармаце. Яго нязменны арганізатар і мастацкі кіраўнік М. Раманоўская, якая разам са сваімі аднадумцамі стварыла фестываль еўрапейскага ўзроўню. Асноўнымі задачамі мерапрыемства з’яўляюцца папулярызацыя сучаснага танца, абмен творчымі ідэямі і практычным вопытам, фарміраванне розных кірункаў сучаснай харэаграфіі. Сярод першапраходцаў былі пермскі тэатр “Балет Яўгена Панфілава”, Тэатр танца А. Кукіна (Санкт-Пецярбург), “Свабодны балет” М. Агрызкава (Масква), Тэатр сучаснага танца В. Поны (Чэлябінск), “Правінцыйныя танцы” Т. Баганавай (Екацярынбург), “Кінетычны тэатр” А. Пепяляева (Масква) і інш. У праграме фестывалю – конкурс сучаснай харэаграфіі, прэм’еры, прэзентацыі, тэарэтычныя і практычныя майстар-класы, прэс-канферэнцыі, творчыя сустрэчы. У міжнародным конкурсе прымалі ўдзел лепшыя прафесійныя і аматарскія калектывы сучаснай харэаграфіі з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, краін Балтыі, Грузіі, Польшчы, Галандыі, Ізраіля, ЗША, Кітая, Японіі. Тут праходзяць апрабацыі новых ідэй, маладыя харэографы і танцоры пераймаюць замежны вопыт. З часам у беларусаў з’явілася не менш аўтарскіх стыляў, чым на Захадзе. Яны прадстаўлялі і аднаактовыя балеты, і фрагменты з балетаў, і харэаграфічныя мініяцюры. Унікальнасць віцебскага конкурсу заключаецца ў тым, што ўладальнікам Гран-пры можа стаць не проста выдатны харэаграфічны твор, а менавіта створаны і ўпершыню прадстаўлены ў Віцебску. Міжнароднае журы ўзначальвае В. Елізар’еў, народны артыст СССР і Беларусі. Сёння фестываль мае свае традыцыі, непаўторнае аблічча. Яго імідж і асаблівае месца на “танцавальнай карце свету” вызначаюцца тым, што тут ацэньваецца твор у сукупнасці ўсіх кампанентаў: вобразнага і мастацка-канцэптуальнага рашэнняў, пастановачных прыёмаў і майстэрства выканальніцкай інтэрпрэтацыі, сінтэзу музыкі і харэаграфіі. Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі (IFMC) не толькі дае пуцёўку ў жыццё крэатыўным памкненням маладых харэографаў, але таксама імкнецца папулярызаваць дасягненні беларускіх майстроў, інтэграваць лепшае ў сусветную танцавальную прастору.