Дата пачатку:
1882 ці 1884 Іўе, г., Гродзенская вобласць
Кароткая даведка:
помнік драўлянага дойлідства, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Татарская мячэць (г. Іўе)
Назвы на іншых мовах:
Ивьевская мечеть (руская);
1517 сімвалаў
Даведка
Сярод помнікаў драўлянага дойлідства Беларусі адметнае места займае мячэць у г. Іўе (Гродзенская вобласць).
Гэта мусульманская святыня была пабудавана ў 1882 г. (па іншых звестках – у 1884 г.) на сродкі тагачаснай уладальніцы мястэчка графіні Эльвіры Аўгустаўны Замойскай, каталічкі па веравызнанні. Прамавугольны ў плане зруб з невялікай пяціграннай апсідай (міхрабам) накрыты шатровым гонтавым дахам. У 1922 г. на сродкі іўеўскіх татар з ЗША, на даху будынка ўзведзены васьмігранны мінарэт з высокім шпілем і балконам. Галерэя, першапачаткова размешчаная з боку ўваходу, у 1970-я гг. была цалкам зашыта, гонт заменены металам, фасад ашаляваны і пафарбаваны.
Унутраная прастора храма падзелена на мужчынскую і жаночую палавіны з асобнымі ўваходамі з боку галоўнага фасада. Сцены і столь абшыты фанерай і пафарбаваны. Інтэр’ер мячэці даволі просты і сціплы – галерэя з балконам для муэдзіна, лавы для наведвальнікаў. Сцены ўпрыгожаны выявамі мячэцей, арабскіх тэкстаў і сімвалаў. У гонар фундатаркі храма ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
За ўвесь час свайго існавання Іўеўская мячэць ніколі не спыняла сваёй дзейнасці. Пэўны перыяд яна была адзінай дзеючай культавай пабудовай для ўсіх мусульман нашай краіны. Працягвае працаваць яна і сёння. Храм шырока вядомы далёка за межамі Беларусі, яго неаднаразова наведвалі прадстаўнікі ісламу з розных краін свету.
Будынак Іўеўскай мячэці ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.