Дата пачатку:
1925 Канвелішкі, аг., Воранаўскі раён, Гродзенская вобласць
Кароткая даведка:
помнік архітэктуры неаготыкі
Варыянты назвы:
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Іісуса; Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса; Касцёл Прасвятога Сэрца Ісуса
Назвы на іншых мовах:
Church of the Sacred Heart of Jesus (англійская); Костел Сердца Иисуса (руская);
1101 сімвал
Даведка
Згодна з гістарычнымі крыніцамі, у цэнтры былога мястэчка Канвелішкі (цяпер аграгарадок у Воранаўскім раёне Гродзенскай вобласці) у ХІХ ст. існаваў Касцёл Святога Мікалая. Пасля таго, як пажар знішчыў святыню, на яе месцы ў 1916–1925 гг. быў узведзены новы драўляны храм у стылі неаготыкі, асвечаны пад тытулам Найсвяцейшага Сэрца Ісуса.
Будынак складаецца з аднолькавых па вышыні прамавугольнага ў плане зруба і выцягнутай пяціграннай алтарнай апсіды з бакавымі сакрыстыямі. Над фасадам узвышаецца стромкая двух'ярусная чацверыковая вежа-званіца са шпілем. Абапал яе над прыбудовамі ўзведзены меншага памеру вежачкі-сігнатуркі. Уваход на галоўным фасадзе аформлены арачным парталам з акном-ружай над ім. Сцены гарызантальна ашаляваны. Інтэр'ер храма падзелены шасцю слупамі на тры нефы. Над бакавымі нефамі – абходныя галерэі. У касцёле тры алтары. Галоўны – у стылі неабарока, з абразом Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ў цэнтры. У храме размешчаны таксама карціны на евангельскія сюжэты.
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Ісуса ўвесь перыяд сваёй гісторыі дзейнічаў бесперапынна.