Ала Васільеўна Мураўёва нарадзілася ў Мінску. У 1969 г. з адзнакай скончыла бібліятэчны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага (цяпер – Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка) і была прынята на пасаду бібліёграфа ў навукова-бібліяграфічны аддзел Дзяржаўнай бібліятэкі БССР імя У.І. Леніна (цяпер – Нацыянальная бібліятэка Беларусі). Ала Васільеўна адразу праявіла сябе як сапраўдны прафесіянал, эрудзіраваны, сур’ёзны і ўдумлівы супрацоўнік, здольны выконваць складаную рэдактарскую працу.
Праз чатыры гады А.В. Мураўёву перавялі на пасаду старшага бібліятэкара, дзе яна займалася складаннем рэкамендацыйных паказальнікаў літаратуры, была рэдактарам бюлетэня “Новыя кнігі БССР” (цяпер “Новыя кнігі: па старонках беларускага друку”).
У 1977 г. А.В. Мураўёва заняла пасаду старшага рэдактара. Праз год стала загадчыкам сектара бюлетэня “Новыя кнігі БССР” у аддзеле рэкамендацыйнай бібліяграфіі. Яе дасведчанае кіраўніцтва і высокі прафесіяналізм забяспечвалі своечасовую і якасную падрыхтоўку выдання.
У 1979 г. А.В. Мураўёвай было прысвоена званне “Лепшы па прафесіі”. Шматгадовая плённая праца, высокае пачуццё адказнасці за даручаную справу дазволілі ёй у 1987 г. узначаліць аддзел рэкамендацыйнай бібліяграфіі. Неўзабаве на базе гэтага аддзела і сектара зводнага каталога аддзела беларускай літаратуры і бібліяграфіі быў створаны навукова-бібліяграфічны аддзел, першым кіраўніком якога стала А.В. Мураўёва. На гэтай пасадзе яна адпрацавала 17 гадоў: распрацоўвала шляхі ўдасканалення інфармацыйна-бібліяграфічнай дзейнасці бібліятэкі, ажыццяўляла пошук новых стратэгій развіцця, вывучала магчымыя варыянты аптымізацыі бібліятэчных электронных рэсурсаў, аказвала метадычную дапамогу супрацоўнікам абласных бібліятэк у авалоданні новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.
Ала Васільеўна Мураўёва з’яўляляецца адным з галоўных распрацоўшчыкаў Нацыянальнага машыначытальнага абменнага фармату BELMARC. Яна займалася пытаннямі стварэння электроннага каталога Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Значны ўклад зрабіла А.В. Мураўёва ў навукова-метадычнае забеспячэнне работы па стварэнні Нацыянальнай базы даных аўтарытэтных запісаў: праводзіла навучанне і аказвала кансультацыйную дапамогу супрацоўнікам аддзела, які займаецца стварэннем і вядзеннем гэтага рэсурсу.
У 2004 г. А.В. Мураўёва была пераведзена на пасаду галоўнага бібліёграфа ў аддзел бібліятэчных тэхналогій, дзе і працавала да самага выхаду на заслужаны адпачынак.
За плённую высокапрафесійную працу, значны асабісты ўклад у развіццё бібліятэчна-інфармацыйных тэхналогій Рэспублікі Беларусь А.В. Мураўёва ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, Ганаровымі граматамі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь.
На працягу ўсяго працоўнага шляху А.В. Мураўёва спалучала сваю прафесійную дзейнасць з актыўнай грамадскай пазіцыяй: неаднаразова выбіралася ў склад прафсаюзнага камітэта бібліятэкі, шмат гадоў з’яўлялася старшынёй камітэта па бібліяграфічнай дзейнасці Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі.
30 снежня 2015 г. Ала Васільеўна Мураўёва пайшла на заслужаны адпачынак, прысвяціўшы Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 46 гадоў свайго прафесійнага жыцця.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2021 г.