Дата пачатку:
1910 Ліпнішкі, аг., Іўеўскі раён, Гродзенская вобласць
Кароткая даведка:
помнік архітэктуры неаготыкі, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Ліпнішкаўскі Казіміраўскі касцёл
Назвы на іншых мовах:
Church of St. Casimir (англійская); St. Kazimir Catholic Church (англійская); Липнишковский Казимировский костёл (руская); Липнишковский костёл Святого Казимира (руская);
2115 сімвалаў
Даведка
Галоўнай славутасцю аграгарадка Ліпнішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці з’яўляецца адзін з самых велічных неагатычных храмаў Беларусі – Касцёл Святога Казіміра.
Згодна з гістарычнымі крыніцамі, каталіцкая парафія ў гэтым старажытным мястэчку існавала з 1510 г. Тады ж тут з’явіўся і першы драўляны касцёл у гонар святой Ганны, пабудаваны па фундацыі вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта І Старога. Храм знішчаны ў час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. Наступная святыня прастаяла з 1804 па 1890 г. і таксама згарэла, а яе месца заняла капліца. У пачатку ХХ ст. па фундацыі ўладальніка Ліпнішак Аляксандра Вольскага пачалі ўзвядзенне новага каменнага храма (архітэктар А. У. Полазаў). Ён быў адкрыты ў 1910 г., хаця будаўнічыя работы працягваліся да 1927 г.
Касцёл уяўляе сабой прамавугольны ў плане будынак з трохграннай апсідай і сіметрычнымі бакавымі сакрыстыямі Над квадратным нартэксам узвышаецца двух’ярусная вежа, завершаная спічастым шатром з невялікімі вокнамі-люкарнамі. Першапачаткова дах быў накрыты чарапіцай і меў на каньку над прэсбітэрыем вежачку-сігнатурку. Сцены храма, выкананыя арыгінальнай камбінаванай кладкай з цэглы і абчасанага граніту, сабранага ў акрузе, умацаваны плоскімі контрфорсамі. Характэрнымі элементамі готыкі з’яўляюцца таксама стральчатыя аконныя праёмы і парталы ўваходаў. Будынак акаймаваны бутавай агароджай з трохарачнай неагатычнай брамай.
Унутраннае прастора касцёла падзелена двума радамі слупоў на тры нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Сцены атынкаваны і дэкарыраваны арнаментам. У алтары змешчаны абразы святога Казіміра, Марыі і Ісуса, уздоўж сцен – скульптурныя пано на сюжэты Крыжовага шляху Хрыста. На хорах над уваходам усталяваны арган з віленскай майстэрні Ф. Астраменцкага (пачатак ХХ ст.) – самы вялікі механічны інструмент у Беларусі. З 2013 г. ён знаходзіцца ў стане рамонту і ў набажэнствах не выкарыстоўваецца.
У савецкі час храм дзейнічаў бесперапынна. Ліпнішкаўскі Казіміраўскі касцёл прызнаны помнікам неаготыкі і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.