Дата пачатку:
1914 Лынтупы, г. п., Пастаўскі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка:
помнік архітэктуры неабарока
Варыянты назвы:
Касцёл Святога Андрэя апостала; Касцёл Святога апостала Андрэя
Назвы на іншых мовах:
Church of St. Andrew the Apostle (англійская); Костел Святого апостола Андрея (руская); Лынтупский Андреевский костёл (руская);
1680 сімвалаў
Даведка
На цэнтральнай плошчы г. п. Лынтупы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці ўзвышаецца белакаменны храм – Касцёл Святога апостала Андрэя. Яго архітэктура – адзін з выдатных прыкладаў мастацкай інтэрпрэтацыі стылю барока ў пачатку ХХ ст. у Беларусі.
Згодна з гістарычнымі крыніцамі, першая драўляная святыня ў мястэчку была пабудавана каля 1459 г. па фундацыі віленскага ваяводы Андрэя Даўгірдавіча. У 1640 г. на сродкі Аляксандра Чарніцкага пры ёй узвялі капліцу з цэглы, усталявалі вялікі звон і набылі літургічныя прыналежнасці. У пачатку ХХ ст. драўляны храм згарэў. У хуткім часе на ахвяраванні парафіян і пробашча Юзафа Бышэўскага пачалося будаўніцтва новага.
Касцёл ў стылі неабарока быў завершаны ў 1914 г. Ён уяўляў сабой манументальную двухвежавую трохнефавую базіліку з трансептам і паўкруглай двух’яруснай апсідай. На фасадах – высокія арачныя аконныя праёмы, карнізы, пілястры, характэрныя ўпрыгожанні – ляпныя ордэрныя элементы. Спецыялісты адзначаюць знешнюю пластычнасць будынка, асаблівую эстэтычную каштоўнасць верхняй часткі вежаў, увенчаных гранёными ліхтарамі. Унутры храма нефы размежаваны аркадамі на чатырохгранных пілонах і перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі. На сценах – фрэскавы роспіс. Галоўны драўляны алтар выкананы ў стылі мадэрн, бакавыя – у стылі неакласіцызму. Галоўная святыняй касцёла з’яўляецца абраз “Святая Ганна” (XVIII–XIX стст.). У 1928 г. у касцёле быў усталяваны арган, які добра захаваўся ў аўтэнтычным плане, але ў цяперашні час працуе толькі часткова. Будынак абкружаны невысокай бутавай агароджай з трохпралётнай брамай.
Увесь перыяд свайго існавання Касцёл Святога апостала Андрэя заставаўся дзеючым.