Драўляная царква на месцы капліцы ў былой вёсцы Малая Кракотка (цяпер – в. Вялікая Кракотка Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці) была пабудавана ў 1740 г. (па іншых звестках у 1812 г.). Спачатку храм дзейнічаў як Троіцкая ўніяцкая царква, затым – як праваслаўная царква Аляксандра Неўскага (1885).
Святыня ўяўляе сабой прамавугольны ў плане зруб пад двухсхільным дахам з прамавугольнай апсідай і трох’яруснай званіцай на галоўным фасадзе. Шацёр званіцы завершаны макаўкай, двухсхільны дах пры дапамозе застрэшкаў пераходзіць у трохграннае пакрыццё апсіды, да якой далучана нізкая рызніца. Вертыкальна ашаляваныя фасады храма расчлянёны стральчатымі аконнымі праёмамі.
У савецкі час царква знаходзілася ў запусценні, абразы і начынне разрабавалі. У 1989 г. храм быў адрэстаўраваны і аднавіў сваю дзейнасць пад сучаснай назвай. Царква ў імя святога Іаана Хрысціцеля дзейнічае, вакол яе знаходзяцца могілкі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2022 г.