Сар'янская царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы
Дата пачатку:
1857 Сар'я, в., Верхнядзвінскі раён, Віцебская вобласць
Кароткая даведка:
помнік архітэктуры неаготыкі, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь
Варыянты назвы:
Сар'янская Успенская царква
Назвы на іншых мовах:
Church of the Assumption of the Blessed Virgin Mary (англійская); Сарьянская Свято-Успенская церковь (руская); Сарьянская Успенская церковь (руская); Сарьянская церковь Успения Пресвятой Богородицы (руская);
Папярэднія назвы:
Сар'еўскі касцёл у імя Дзевы Марыі; Сар'янскі касцёл у імя Дзевы Марыі; Сар'янскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі
2644 сімвалы
Даведка
Адным з самых выразных узораў неаготыкі ў Беларусі з’яўляецца Царква ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ў в. Сар’я (Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці).
Першапачаткова будынак цяперашняй царквы быў запланаваны ў якасці касцёла. Фундатарам будаўніцтва выступіў уладальнік маёнтка Сар’я маршалак дзвінскі Ігнат Лапацінскі. Кіраўніцтва ўсімі будаўнічымі работамі ажыццяўляў прускі архітэктар Г. Шахт. Храм быў узведзены ў 1851–1857 гг. з чырвонай цэглы. Ён уяўляў сабой аднанефавую прамавугольную ў плане пабудову з пяціграннай апсідай і двума невялікімі сакрыстыямі. У цэнтральнай частцы размяшчаліся дзве шатровыя вежачкі на пяцігранных рабрыстых контрфорсах. Сцены па перыметры ўмацаваны 12 лапаткамі з вежамі, завершаны аркатурным паяском і скразной востразубчастай аркадай. Аконныя праёмы стральчатыя з прафіляванымі ліштвамі. Унутры асноўнае памяшканне перакрыта крыжовымі скляпеннямі, дзве калоны падтрымлівалі хоры з арачнай балюстрадай. Алтар касцёла выкананы з дубовага дрэва, вялікую каштоўнасць уяўляла змешчаная ў ім скульптурная выява Божай Маці. З трох бакоў храм абнесены гатычным мурам, а з боку вуліцы – кратамі з каванага жалеза. Тагачасны выгляд Сар’янскага касцёла ў акружэнні прысядзібнага парку зафіксаваў на адной са сваіх акварэляў мастак Н. Орда.
З-за перашкод з боку царскай адміністрацыі, узведзены будынак першапачаткова заяўлены фундатарам як родавая пахавальня. Дазвол на асвячэнне яго ў якасці Касцёла ў гонар Прасвятой Дзевы Марыі быў атрыманы сям’ёй Лапацінскіх толькі ў 1857 г. Аднак адразу пасля падаўлення паўстання 1863–1864 гг. яго дзейнасць спынена, а будынак перададзены ў праваслаўнае ведамства.
Асвячэнне Царквы ў імя Успення Прасвятой Багародзіцы адбылося ў 1869 г. У храме праводзіліся рамонтныя работы, аднак знешні выгляд быў пакінуты без змяненняў. З 1935 г. царква не дзейнічала. На працягу дзесяцігоддзяў яе будынак папераменна выкарыстоўваўся пад склад, клуб, бар і танцавальную залу. У 1989 г. храм ненадоўга вярнулі Каталіцкай царкве, а з 1991 г. тут аднавіліся праваслаўныя набажэнствы.
У цяперашні час Сар’янская царква належыць праваслаўнаму прыходу Успення Прасвятой Багародзіцы. У 2011 г. недалёка ад храма, на месцы склепа роду Лапацінскіх, усталяваны мемарыяльны камень-помнік у іх гонар. У 2013 г. у царкве былі скончаны рэстаўрацыйныя работы і адноўлены інтэр’ер. Побач з храмам устаноўлены помнік святым Пятру і Фяўроніі Мурамскім, якія лічацца апекунамі сям’і і шлюбу. Штогод 8 ліпеня тут святкуецца Дзень сям’і, любові і вернасці. Царква ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і ахоўваецца дзяржавай.