Дата пачатку: 22.06.2015
Кароткая даведка: комплекс на месцы былога лагера смерці
Назвы на іншых мовах: Мемориальный комплекс "Тростенец" (руская);
Лагер Трасцянец быў створаны ў лістападзе 1941 г. каля в. Малы Трасцянец Мінскага раёна (цяпер у межах горада) і дзейнічаў да канца чэрвеня 1944 г. Ён аб’ядноўваў некалькі месцаў масавага забойства людзей (урочышчы Благаўшчына і Шашкоўка, а таксама ўласна лагер). З верасня 1941 па кастрычнік 1943 г. там было забіта больш за 200 тыс. савецкіх ваеннапалонных, падпольшчыкаў, партызан, жыхароў Мінска, арыштаваных у аблавах, яўрэяў з мінскага гета і дэпартаваных з Аўстрыі, Польшчы, Чэхаславакіі, Францыі, Германіі. Людзей расстрэльвалі каля траншэй, потым засыпалі і ўтрамбоўвалі гусенічнымі трактарамі або танкамі. За ўсе гады акупацыі Трасцянецкі лагер стаў сапраўднай фабрыкай смерці. Для хуткага знішчэння людзей гітлераўцы выкарыстоўвалі душагубкі (спецыяльна абсталяваныя аўтамашыны з крытым кузавам, ацынкаванымі сценкамі і герметычна зачыненымі дзвярыма, куды падводзілася труба з адпрацаваным газам). Восенню 1943 г. становішча на Усходнім фронце прымусіла акупантаў пачаць работу па ліквідацыі слядоў злачынстваў. Пад наглядам асобай каманды СД ваеннапалонныя ўскрывалі магілы ва ўрочышчы Благаўшчына, даставалі адтуль трупы і палілі іх. Новым месцам масавага знішчэння людзей стала ўрочышча Шашкоўка, што знаходзілася каля в. Малы Трасцянец. Там гітлераўцы праводзілі расстрэлы, палілі людзей жывымі ў спецыяльна пабудаванай крэмацыйнай печы, знішчалі трупы з раскапаных магіл і машын-душагубак. З кастрычніка 1943 па чэрвень 1944 г. ва ўрочышчы Шашкоўка было знішчана больш за 50 тыс. чалавек. Канвеер смерці ў Трасцянцы не спыняўся ні на хвіліну. 29 чэрвеня 1944 г., за тры дні да вызвалення беларускай сталіцы Чырвонай Арміяй, па загадзе намесніка каменданта лагера ў былым калгасным хляве былі расстраляны, а затым спалены 6,5 тыс. вязняў з мінскай турмы па вул. Валадарскага і лагера па вул. Шырокай. Перад адступленнем фашысты знішчылі ўсю дакументацыю і разбурылі частку збудаванняў лагера. Жыхароў Малога Трасцянца прымусова эвакуіравалі, а іх хаты палілі. Тых, хто адмаўляўся пакідаць вёску, расстрэльвалі разам з сям’ёй. Інфармацыя аб жудасных злачынствах гітлераўцаў была прадстаўлена на Нюрнбергскім і іншых судовых працэсах, што адбываліся над нацыстамі як на тэрыторыі Савецкага Саюза, так і за яго межамі.
Першы крок па ўвекавечванні памяці ахвяр Трасцянецкага лагера смерці быў зроблены 3 верасня 1944 г., калі адбылося пахаванне астанкаў забітых людзей. У гэтай жалобнай цырымоніі ўдзельнічала больш за 10 тыс. чалавек. У 1956 г. Савет Міністраў БССР даручыў Беларускаму дзяржаўнаму праектнаму інстытуту распрацаваць праект мемарыяла загінуўшым у лагеры, аднак гэта ідэя не была рэалізавана. У 1963 г. каля в. Вялікі Трасцянец устанавілі помнік ахвярам фашызму. Пазней памятныя знакі з’явіліся ў в. Малы Трасцянец (1965) і ва ўрочышчы Шышкоўка (1966). У 2002 г. ва ўрочышчы Благаўшчына ўсталявалі камень у памяць аб забітых яўрэях. У 1994, 1999 і 2002 гг. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў шэраг дакументаў, накіраваных на актывізацыю работы па стварэнні мемарыяльнага комплексу «Трасцянец». Яны прадугледжвалі распрацоўку канцэпцыі, правядзенне навукова-даследчых работ, вызначэнне ахоўных зон будучага мемарыяла. У маі 2007 г. тэрыторыя былога лагера была занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. 8 чэрвеня 2014 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка заклаў памятную капсулу з пасланнем нашчадкам на месцы будаўніцтва мемарыяла. 22 чэрвеня 2015 г. адбыліся мітынг-рэквіем і ўрачыстае адкрыццё галоўнага помніка – манумента «Брама памяці» (скульптар К. Касцючэнка, архітэктары Г. Аксёнава, В. Пачачуеў, А. Поснікава). Дзесяціметровая бронзавая скульптура з фігурамі закатаваных вязняў – толькі частка мемарыяльнага комплексу. Ён аб’ядноўвае месцы масавага знішчэння людзей: аднайменны былы лагер смерці, крэматорый ва ўрочышчы Шашкоўка (яма-печ), 34 брацкія магілы ва ўрочышчы Благаўшчына, архітэктурна-скульптурныя збудаванні, што сімвалізуюць вагоны, у якіх прывозілі людзей у канцлагер. У іх вокнах бачны запаленыя лампады і кветкі. На фанаграме чутны гукі поезда, які набліжаецца, галасы людзей на розных мовах, дзіцячыя крыкі. У комплекс уваходзіць мемарыял «Масіў імёнаў» (створаны на сродкі ведамства Федэральнага канцлера Аўстрыі і Нацыянальнага фонду Аўстрыі для ахвяр нацыянал-сацыялізму). Ён уяўляе сабой вялікі камень, расколаты на часткі. 10 асколкаў – гэта пералік чыгуначных саставаў, на якіх людзей прывозілі ў лагер Трасцянец. Манумент змяшчае імёны ахвяр, таму і мае адпаведную назву «Масіў імёнаў». Канцэпцыю помніка распрацаваў архітэктар Д. Занвальд, увасобіў ідэю ў скульптуру з фібрабетону К. Касцючэнка.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.