Каляды

Паважаныя сябры! Віншуем вас з Калядамі і Новым годам! Жадаем моцнага здароўя, поспехаў у працы, святочнага настрою!

Каляды належаць да самых старажытных народных свят, якія ў далёкім мінулым праводзілі ў гонар адраджэння Бога Сонца Дажбога. Прыпадалі яны на перыяд зімовага сонцастаяння – час, калі павялічваўся дзень і сонца ўсё вышэй падымалася над зямлёй.

Каб заручыцца падтрымкай продкаў і забяспечыць добры ўраджай у новым годзе, беларусы гатавалі спецыяльныя рытуальныя стравы, галоўнай  з якіх з’яўлялася куцця – каша з ячных круп ці пшанічнага зерня. Першая ці посная куцця рыхтавалася ў вечар перад наступленнем свята Божага Нараджэння. Багатая ці шчодрая куцця была прымеркавана да сустрэчы Новага года і адрознівалася багаццем і колькасцю страў. Вадзяную ці галодную куццю варылі перад святам Вадохрышча.

Каляды – час вясёлых гульняў, забаў, тэатралізаваных прадстаўленняў і ігрышчаў. З хаты ў хату хадзілі калядоўшчыкі, перапранутыя ў калядных цароў, цыганоў, вадзілі “казу”, “жорава”, “кабылу”, спявалі калядкі і шчадроўкі, жадалі шчасця і дабрабыту гаспадарам.

Вечарамі моладзь збіралася на вячоркі, дзе танчыла, “жаніла Цярэшку”, варажыла.

Сёння беларускія каляды святкуюцца на працягу двух тыдняў: з 25 снежня па 6 студзеня – у католікаў, з 7 па 19 студзеня – у праваслаўных.