Выдатны мовазнавец Іван Якаўлевіч Лепешаў шмат зрабіў для развіцця беларускай мовы, папулярызацыі і абароны роднай мовы. Вучонага з поўным правам можна назваць стваральнікам школы даследчыкаў беларускай фразеалогіі і парэміялогіі.
Нарадзіўся І. Лепешаў у в. Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. У 1940 г. скончыў восем класаў Ліцвінаўскай сярэдняй школы, здаў экстэрнам экзамены за дзявяты клас і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, аднак вучобу перапыніла Вялікая Айчынная вайна. У 1944–1947 гг. І. Лепешаў служыў у Чырвонай арміі, быў двойчы паранены, меў баявыя ўзнагароды. Дыплом аб заканчэнні настаўніцкага інстытута атрымаў у 1948 г. Некаторы час працаваў настаўнікам беларускай і рускай мовы і літаратуры ў розных школах. У 1959 г. закончыў філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (завочна), а потым аспірантуру пры Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя А.М. Горкага (1971). У 1973 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Фразеалогія ў творах К. Крапівы”, а ў 1985 г. доктарскую дысертацыю “Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы”. Вучонае званне прафесара прысвоена ў 1987 г.
З 1971 г. І. Лепешаў працаваў на кафедры беларускай мовы Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Я. Купалы (цяпер Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы). Асноўнымі сферамі навуковых даследаванняў вучонага з’яўляліся фразеалогія, мова мастацкай літаратуры, розныя аспекты культуры мовы і маўлення, марфалагічныя, сінтаксічныя, фразеалагічныя нормы і выпадкі іх парушэння ў вуснай і пісьмовай мовах. Першымі працамі ў галіне лексікаграфічнага і тэарэтычнага апісання літаратурнай фразеалогіі сталі “Фразеалагічны слоўнік для сярэдняй школы” (1973, з Н.В. Гаўрош і Ф.М. Янкоўскім), “Фразеалогія ў творах К. Крапівы” (1976). Спецыфіку мовы мастацкай літаратуры І. Лепешаў раскрыў у кнізе “Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора” (1981) – першае даследаванне такога тыпу і першы дапаможнік па гэтай навучальнай дысцыпліне.
Плённымі былі даследаванні вучонага ў галіне беларускай фразеалогіі. Каля 450 фразеалагізмаў беларускай літаратурнай мовы аўтар растлумачыў у “Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў” (1981). У 1993 г. выйшла другая частка гэтага слоўніка, дзе раскрываецца паходжанне каля 900 фразеалагізмаў. Першы дыферэнцыйны слоўнік дыялектных фразеалагізмаў, сабраных у гаворках Гродзенскай і Віцебскай абласцей, быў падрыхтаваны і выдадзены І. Лепешавым у 1991 г. Даследаванням у сферы фразеалогіі прысвечаны такія працы, як “Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы” (1984), “Фразеалогія сучаснай беларускай мовы” (1998), “У фразеалагічную скарбонку” (2004). Плёнам саракагадовых пошукаў стаў “Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы”. Першы том быў выдадзены ў 1993 г., а другі – пад назвай “Слоўнік фразеалагізмаў беларускай мовы” – у 2008 г. Гэта фундаментальная праца стала важкім набыткам беларускай лінгвістыкі і абапіралася на складзеную вучоным картатэку акадэмічнага тыпу.
Неабходнасць выдзялення ў курсе сучаснай беларускай літаратурнай мовы асобных раздзелаў парэміялогіі і парэміяграфіі, у якіх павінны вывучацца прыказкі як моўныя адзінкі, што рэальна існуюць, абгрунтоўваецца ў дапаможніку “Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства” (2006). У “Слоўніку беларускіх прыказак” (1996) І. Лепешаў апісаў найбольш ужывальныя прыказкі, растлумачыў іх сэнс, даў іх сітуацыйную і стылістычную характарыстыку, ілюстраваў іх прыкладамі з мастацкіх і публіцыстычных твораў, прывёў звесткі пра паходжанне. У 2014 г. ім быў выдадзены “Этымалагічны слоўнік прыказак”.
Даследчык з’яўляецца аўтарам навучальных дапаможнікаў для студэнтаў і вучняў школ “Моўныя самацветы” (1985), “У слоўнікавую скарбонку” (1999), “Практыкум па беларускай мове” (2001, у суаўтарстве), “Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні” (2002), “Чаму мы так гаворым” (2003), “Практыкум па фанетыцы, арфаэпіі, графіцы і арфаграфіі” (2007, у суаўтарстве), “Культура маўлення” (2007), “Лінгвістычны аналіз тэксту” (2009).
Іванам Якаўлевічам Лепешавым было падрыхтавана 8 манаграфій, 17 слоўнікаў, 14 навучальных дапаможнікаў, 8 навукова-папулярных выданняў, 650 навуковых і публіцыстычных артыкулаў, якія прынеслі яму шырокую вядомасць. Публікацыі І. Лепешава склалі кнігі “Дазнанні” (2000), “У пошуках ісціны” (2007), “Літаратура, мова, гісторыя: надзённае” (2010), “Упоравень з часам” (2012), “Перад змярканнем” (2013), “Пошукі і роздум” (2014).