Да юбілею Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны

У лістападзе 2024 г. спаўняецца 100 гадоў з пачатку дзейнасці Віцебскай ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны

Віцебская ордэна "Знак Пашаны" дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны мае працяглую і багатую гісторыю. Аб неабходнасці стварэння ў Віцебску ветэрынарнага інстытута выбітны вучоны і грамадскі дзеяч Я.П. Алонавым гаварыў яшчэ ў 1915 і 1919 гг., аднак падзеі Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў не дазволілі рэалізаваць гэтую задуму. Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР аб адкрыцці ў Віцебску ветэрынарнага інстытута была прынята 4 лістапада 1924 г., а 8 лістапада адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. 24 лістапада гэтага ж года пачаліся вучэбныя заняткі. Першым рэктарам ветэрынарнага інстытута стаў Я.П. Алонаў. Першы выпуск маладых спецыялістаў адбыўся ў кастрычніку 1928 г.

У 1933 г. пасля аб’яднання ветэрынарнага інстытута і Беларускага дзяржаўнага інстытута свінагадоўлі (Магілёў) быў створаны заатэхнічны факультэт. У 1930-х гг. пры ветэрынарным факультэце працавалі курсы па падрыхтоўцы дапаможнага ветэрынарнага персаналу і шасцімесячныя курсы падрыхтоўкі ветэрынарных тэхнікаў для саўгасаў. Да 1940 г. былі ўведзены ў эксплуатацыю хірургічны, тэрапеўтычны, інфекцыйны карпусы; наладжана функцыянаванне хірургічнай, тэрапеўтычнай, акушэрскай, інфекцыйнай і інвазійнай клінік, рэнтген-кабінета; створаны шэраг вучэбных музеяў.

У час Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць інстытута была прыпынена, а значная частка выкладчыкаў і студэнтаў прымала ўдзел у барацьбе з ворагам. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў дырэктарам інстытута У.П. Лемешам праводзілася актыўная работа па аднаўленні матэрыяльна-тэхнічнай базы, наладжванні адукацыйнага працэсу, фарміраванні калектыва выкладчыкаў. Да пачатку 1950-х гг. ветэрынарны інстытут быў не толькі адноўлены, але і значна пашыраны.

У наступныя гады навучальная ўстанова дынамічна развівалася, фарміраваліся новыя факультэты: завочнай адукацыі (1959), грамадскіх прафесій (1963), павышэння кваліфікацыі і падрыхтоўкі кадраў (1966). За поспехі, дасягнутыя ў галіне падрыхтоўкі спецыялістаў для сельскай гаспадаркі, Віцебскі ветэрынарны інстытут быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». У сакавіку 1994 г. у выніку рэарганізацыі інстытут стаў акадэміяй.

Віцебская ордэна «Знак Пашаны» дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны ‒ цэнтр сучаснай ветэрынарнай навукі. Адукацыйны працэс ажыццяўляецца на чатырох факультэтах: ветэрынарнай медыцыны; біятэхналагічным; павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аграпрамысловага комплексу; міжнародных сувязей, прафарыетацыі і даўніверсітэцкай падрыхтоўкі. Акадэмія праводзіць комплексную падрыхтоўку зоаінжынераў, ветэрынарна-санітарных урачоў, правізараў. З 1960 г. ва ўстанове дзейнічае аспірантура, з 2000 г. ‒ дактарантура, з 2005 г. ‒ магістратура. Асноўныя кірункі навуковай дзейнасці ветэрынарнай акадэміі звязаны з распрацоўкай і ўкараненнем у практыку аграпрамысловага комплексу біялагічных, фармакалагічных і дыягнастычных прэпаратаў для лячэння інфекцыйных хвароб сельскагаспадарчых жывёл, распрацоўкай новых экалагічных сродкаў барацьбы з неінфекцыйнымі хваробамі жывёл, вывучэннем механізмаў адаптацыі арганізма жывёл да сучасных тэхналогій жывёлагадоўлі, удасканаленнем сістэмы кантролю бяспекі харчавання жывёл і інш. У структуры акадэміі функцыянуюць навукова-даследчы інстытут прыкладной ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі, філіялы факультэта завочнага навучання ў Рэчыцы (Гомельская вобласць) і Пінску (Брэсцкая вобласць), аграрны каледж (в. Лужасна Віцебскага раёна). Працуюць шэраг навукова-педагагічных школ, музей гісторыі акадэміі і музеі кафедр. Выдаюцца часопіс «Ученые записки учреждения образования “Витебская ордена «Знак Почета» государственная академия ветеринарной медицины”», газета «Вестник академии ветеринарной медицины».