Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства і скарыназнаўства ўнёс Пётр Уладзіміравіч Уладзіміраў. Нарадзіўся ён у Казані. Вучыўся ў 1-й Казанскай гімназіі. У 1878 г. скончыў гісторыка-філалагічнае аддзяленне Казанскага ўніверсітэта і застаўся ў ім для падрыхтоўкі да прафесарскага звання. Больш за тры гады вывучаў рукапісныя фонды бібліятэк у Санкт-Пецярбургу, Маскве, Казані. У 1885 г. абараніў магістарскую дысертацыю на тэму «Великое зерцало: (из истории русской переводной литературы XVII века)». У 1888 г. за манаграфію «Доктор Франциск Скорина: его переводы, печатные издания и язык» П.У. Уладзіміраву была прысвоена ступень доктара навук. Затым ён атрымаў вучонае званне прафесара і працаваў у Кіеўскім універсітэце святога Уладзіміра на кафедры рускай мовы і славеснасці.
Вучоны даследаваў старажытнарускую і старажытнаславянскую літаратуру і стаў адным з заснавальнікаў беларусазнаўства. Праблемам старажытнай беларускай літаратуры і гісторыі старабеларускай мовы прысвяціў працы «Житие св. Алексея, человека божия, в западнорусском переводе конца XVI в.» (1887), «Обзор южнорусских и западнорусских памятников письменности от XI до XVII ст.» (1890), «Научное изучение белорусского наречия за последние десять лет (1886‒1896 гг.)» (1898) і інш.
У сваёй асноўнай рабоце «Доктор Франциск Скорина: его переводы, печатные издания и язык» П.У. Уладзіміраў разглядаў пытанні, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Ф. Скарыны ў шырокім гісторыка-культурным кантэксце. У ёй змешчаны грунтоўны агляд літаратуры па тэме, у якім асноўная ўвага ўдзяляецца самім выданням Ф. Скарыны, іх мове, выдавецкай дзейнасці першадрукара, яго канфесійнай прыналежнасці. Агляд з’яўляецца першым вопытам рэфератыўнай бібліяграфіі ў скарыназнаўстве і першым гістарыяграфічным даследаваннем такога тыпу. Пётр Уладзіміравіч вывучаў асаблівасці беларускай мовы выданняў першадрукара, зрабіў іх шматбаковы аналіз, адзначыў іх наватарства і значэнне для беларускай і ўсходнеславянскай культур. Вучоны выявіў новыя дакументы пра Ф. Скарыну і факты яго біяграфіі. Манаграфія стала асновай для наступных навуковых і літаратурных прац іншых даследчыкаў.