
Яркі артыстычны талент, цудоўны голас і тыя яскравыя вобразы, якія стварыла на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра Беларускай ССР (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь) Тамара Мікалаеўна Ніжнікава, навечна ўвайшлі ў залаты фонд беларускай оперы. Лёс артысткі ўражвае сваёй шматграннасцю: выдатная спявачка, патрабавальны педагог, клапатлівая маці.
Тамара Ніжнікава нарадзілася ў расійскім Куйбышаве (цяпер г. Самара). У спадчыну ад бацькоў, якія выдатна спявалі, яна атрымала цудоўны голас і абсалютны слых. Дзяўчынка выдатна вучылася ў сярэдняй і музычнай школах, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Дзявочую мару стаць артысткй ледзь не перакрэсліла вайна. У 1943 г. Ніжнікава скончыла сярэднюю школу і паступіла ў медыцынскі інстытут. Жылося ў тыя гады цяжка, і Тамары даводзілася весці хатнюю гаспадарку, даглядаць параненых, выступаць з канцэртамі на прадпрыемствах, у казармах і шпіталях. На той час у Куйбышаве знаходзіўся эвакуіраваны з Масквы Вялікі тэатр оперы і балета СССР. Пры ім была арганізавана школа эстраднага майстэрства, у якую на конкурснай аснове прымалі здольную моладзь. Вырашыла паспрабаваць свае сілы і Т. Ніжнікава. На экзамене яна спявала, іграла на раялі, танцавала, чытала вершы. Дырыжор тэатра В. Небальсін і народная артыстка РСФСР М. Максакава звярнулі ўвагу на незвычайны талент Ніжнікавай і прапанавалі ёй сур’ёзна заняцца вакалам. У 1944 г. Тамара стала студэнткай Маскоўскай кансерваторыі. Яе настаўніцай была М.У. Уладзімірава, якая дасканала валодала італьянскай манерай оперных спеваў. У опернай студыі Маскоўскай кансерваторыі Т. Ніжнікава падрыхтавала свае першыя партыі: Цэрліны ў “Дон Жуане” В.А. Моцарта, Разіны з “Севільскага цырульніка” Дж. Расіні, Мюзэты ў “Багеме” Дж. Пучыні.
Пасля заканчэння кансерваторыі спявачка нядоўгі час працавала ў Музычным тэатры імя К. Станіслаўскага і У. Неміровіча-Данчанкі, Тыранскім ліцэі мастацтваў у Албаніі. З 1951 да 1976 г. Т. Ніжнікава з’яўлялася салісткай беларускай оперы і разам з вобразамі класічнага рэпертуару стварыла маляўнічую галерэю нацыянальных персанажаў: Марынка ў аднайменнай оперы Р. Пукста, Ірына ў “Калючай ружы” Ю. Семянякі, Марфачка ў оперы “Дзяўчына з Палесся”, Баба-лапатуха ў оперы “Міхась Падгорны” (абедзве Я. Цікоцкага).
Акрамя працы ў тэатры, дзе спявачка стварыла звыш трыццаці вобразаў, Т. Ніжнікава шмат часу прысвячала канцэртнай дзейнасці. Праграма яе канцэртаў была насычанай і разнастайнай: арыі з опер, вальс І. Штрауса “Казкі венскага лесу”, раманс А. Аляб’ева “Салавей”, каларатурны вальс Джульеты з оперы Ш. Гуно “Рамэа і Джульета”, песні і рамансы беларускіх кампазітараў, беларускія народныя песні “Зязюленька”, “Чабарок”, “Бульба”, “Полька-Янка” і інш.
Пасля развітання з опернай сцэнай Т. Ніжнікава больш за 40 гадоў аддала педагагічнай працы. З 1976 г. і да апошніх дзён жыцця яна працавала на кафедры спеваў Беларускай акадэміі музыкі. За гэты час Тамара Мікалаеўна выхавала шэраг цудоўных вакалістаў, педагогаў, даследчыкаў. Сёння веды, назапашаныя ў час вучобы ў Т. Ніжнікавай, сваім вучням перадаюць заслужаныя артысткі Беларусі А. Бундзелева і А. Шведава, заслужаная артыстка Расіі Н. Федарэнка.