Да юбілею Філарэта (Вахрамеева Кірылы Варфаламееевіча)

21 сакавіка спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта (Вахрамеева Кірылы Варфаламеевіча)

Мітрапаліт Філарэт (Кірыла Варфаламеевіч Вахрамееў) займае важнейшае месца ў найноўшай гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Кірыла Варфаламеевіч Вахрамееў нарадзіўся ў Маскве ў сям’і музыкантаў. Праваслаўная вера аб’ядноўвала ўсіх членаў сям’і і стварала адпаведную духоўную атмасферу. Вялікі ўплыў на выбар жыццёвага шляху юнака аказала хросная маці, якая блаславіла яго на службу Богу. У 1953 г. ён закончыў сярэднюю і адначасова музычную школы і паступіў у Маскоўскую духоўную семінарыю.

 

Кірыла Вахрамееў – першакурснік Маскоўскай духоўнай семінарыі (1953).


Ужо на другім годзе навучання стаў іпадыяканам Свяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Аляксія I. У 1957 г. К. Вахрамееў паступіў у Маскоўскую духоўную акадэмію. У 1959 г. прыняў манаства і атрымаў імя Філарэт у гонар святога праведніка Філарэта Міласцівага. У хуткім часе быў пасвячоны ў іерадыякана, а ў 1961 г. – у іераманаха. Пасля заканчэння акадэміі Філарэт чытаў там лекцыі па дысцыпліне “История и разбор западных исповеданий”, выкладаў гамілетыку (навуку аб царкоўнай пропаведзі). Разумны, працавіты, ён хутка рухаўся па іерархічнай царкоўнай лесвіцы. У 1965 г. пасвячоны ў сан епіскапа Ціхвінскага. У 1966–1973 гг. быў епіскапам Дзмітраўскім, рэктарам маскоўскіх духоўных акадэміі і семінарыі. У 1971 г. узведзены ў сан архіепіскапа, а ў 1975 г. – мітрапаліта.

10 кастрычніка 1978 г. Філарэт быў прызначаны мітрапалітам Мінскім і Беларускім, адначасова да 1984 г. ён з’яўляўся Патрыяршым Экзархам Заходняй Еўропы. У кастрычніку 1989 г. мітрапаліт Філарэт стаў Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі і старшынёй Сінода Беларускага Экзархата Маскоўскага Партыярхата.

 

Мітрапаліт Мінскі і Беларускі Філарэт (1980-я гг).


З 1992 г. Філарэт – мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, свяшчэннаархімандрыт Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. З канца 2013 г. мітрапаліт Філарэт знаходзіўся на спачынку і з’яўляўся ганаровым Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі.

Трыццаць пяць гадоў мітрапаліт Філарэт працаваў у Беларусі. За гады яго архірэйскага служэння былі ўзведзены новыя і адноўлены разбураныя храмы і манастыры, адрадзіліся старажытныя епіскапскія кафедры, пашырыліся і ўмацаваліся сувязі праваслаўнай царквы з грамадскімі і дзяржаўнымі ўстановамі. Пры ўдзеле мітрапаліта былі адноўлены Крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай, рака для яе мошчаў.

 

Мітрапаліт Філарэт і адноўлены Крыж Еўфрасінні Полацкай


Мітрапаліт Філарэт спрыяў адраджэнню Мінскай духоўнай семінарыі, адкрыццю Мінскай духоўнай акадэміі і Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірылы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, з’яўляўся ганаровым доктарам і прафесарам духоўных акадэмій і багаслоўскіх факультэтаў шэрага айчынных і замежных універсітэтаў.

 

Мітрапаліт Філарэт на свяце ў гонар пачатку навучальнага года ў Мінскай духоўнай семінарыі (1993).


Мітрапаліт Філарэт меў вялікі аўтарытэт і з’яўляўся адным з самых інтэлектуальных праваслаўных патрыярхаў. Яго заслугі ў царкоўным, міратворчым і патрыятычным служэнні адзначаны вышэйшымі ўзнагародамі Рускай Праваслаўнай Царквы – ордэнамі святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра I і IІ ст. (1969, 1971), ордэнамі прападобных Сергія Раданежскага I ст. (1982), Андрэя Іканапісца I ст. (2003), Серафіма Сароўскага I ст. (2005), ордэнам святога благавернага князя Даніілы Маскоўскага І ст. (1990), ордэнамі свяціцеляў Інакенція Маскоўскага І ст. (2009) і Аляксія Маскоўскага І ст. (2015), ордэнамі Александрыйскай, Іерусалімскай, Польскай і Украінскай праваслаўных цэркваў, медалямі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Падзвіжніцкая асветніцкая дзейнасць мітрапаліта Філарэта, яго вялікі ўклад у адраджэнне рэлігійнага жыцця беларусаў, умацаванне дружбы і культурных сувязей паміж народамі былі высока ацэнены беларускай дзяржавай. У 2006 г. мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму, Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Філарэту было прысвоена ганаровае званне “Герой Беларусі”. Ён узнагароджаны ордэнамі Айчыны III ст. (1998), Дружбы народаў (2005), ордэнам Пашаны (2008), медалём і ордэнам Францыска Скарыны (1995, 2003). Дзейнасць мітрапаліта Філарэта была адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі Расійскай Федэрацыі: ордэнам “За заслуги перед Отечеством” IV ст. (2003), ордэнам Аляксандра Неўскага (2013). Мітрапаліт Філарэт з’яўляўся ганаровым грамадзянінам Мінска, Полацка і Мінскай вобласці.