Да юбілею Арыядны Іванаўны Казей

23 снежня 2025 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанай настаўніцы Беларусі Арыядны Іванаўны Казей

Арыядна Іванаўна Казей нарадзілася ў вёсцы Станькава Койданаўскага раёна Мінскай акругі (цяпер Дзяржынскі раён Мінскай вобласці) у сям’і Івана Георгіевіча і Ганны Аляксандраўны Казей. Бацька Арыядны быў сапраўдным камуністам: у час вайсковай службы на Балтыйскім флоце стаў бальшавіком, прымаў удзел у рэвалюцыі 1917 г., грамадзянскай вайне. Іван Георгіевіч добра ведаў тэхніку, працаваў слесарам на першай у Беларусі Койданаўскай МТС, узначальваў курсы па падрыхтоўцы механізатараў. Маці Арыядны, Ганна Аляксандраўна, ва ўсім падтрымлівала мужа: скончыла Мінскі рабфак, паступіла на завочнае аддзяленне Маскоўскага палітпрасветінстытута, займалася культурна-прапагандысцкай і асветніцкай работай, гадавала пяцёра дзяцей.

 

 

Арыядна Казей з сястрой, братам і цёткай (злева направа: Алена, Ларыса (сястра маці), Марат, Арыядна)

 

На жаль, сям’я Казей моцна пацярпела ў гады рэпрэсій: Іван Георгіевіч быў асуджаны на 10 гадоў і загінуў у адным з лагераў (быў рэабілітаваны ў 1959 г.). Не пазбегла арышту і маці Арыядны: Ганна Аляксандраўна вярнулася дадому толькі ў красавіку 1941 г. Дзеці сям’і Казей да гэтага часу жылі ў сваякоў.

З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны Ганна Казей уключылася ў барацьбу з акупантамі: дапамагала чырвонаармейцам, якія здолелі ўцячы з палону, падтрымлівала сувязь з партызанамі. Ада (так Арыядну звалі родныя) і яе малодшы брат Марат дапамагалі маці: збіралі зброю, расклейвалі лістоўкі. У кастрычніку 1941 г. Ганна Казей была арыштавана і пасля доўгіх катаванняў пакарана смерцю. Ада і Марат засталіся ўдваіх. Каб не трапіць у Германію, Арыядна спрабавала ўладкавацца на працу: была служанкай, пасудамыйкай, прыбіральшчыцай, працавала на торфараспрацоўках, аднак увесь час хацела далучыцца да партызан. Спачатку стаў партызанам малодшы брат Ады Марат. У канцы снежня 1942 г. Аду таксама залічылі ў атрад “25 гадоў Кастрычніка”. Арыядна мыла і рамантавала вопратку, дзяжурыла на кухні, хадзіла ў разведку. Зімой 1943 г. у час прарыву партызанамі блакады некалькі сутак Арыядне давялося правесці на марозе. Праз некалькі дзён пасля вяртання дзяўчыны ў партызанскі лагер начальнік медслужбы высветліў, што ў яе пачалася гангрэна абедзвюх ног. Арыядну павезлі на партызанскі аэрадром, але значнае пагаршэнне яе стану прымусіла партызанскага доктара неадкладна зрабіць ампутацыю. Аперацыю правялі абпаленай на вогнішчы пілой-нажоўкай. Толькі ў сярэдзіне чэрвеня 1943 г. дзяўчыну ўдалося пераправіць на Вялікую зямлю. Яе брат Марат застаўся ў атрадзе і геройскі загінуў 11 мая 1944 г.

Доўгі час Арыядна Казей знаходзілася ў шпіталях Падмаскоўя, Сібіры і Грузіі, перанесла шэраг аперацый, навучылася хадзіць на пратэзах. Адначасова з лячэннем дзяўчына засвоіла праграму за 9 клас сярэдняй школы, скончыла курсы бухгалтараў сувязі.

 

 

Арыядна Казей (сядзіць) з сяброўкай у ваенным шпіталі

 

З 1945 г. Арыядна Казей жыла ў Дзяржынску, працавала ў рэдакцыі раённай газеты карэктарам і бухгалтарам. Праз некаторы час перабралася ў Станькава, дзе працавала тэлефаністкай, з’яўлялася сакратаром калгаснай камсамольскай арганізацыі і членам бюро Дзяржынскага райкама камсамола. У 1947 г. паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут імя М. Горкага. У 1954–1977 гг. працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 28 г. Мінска. У 1965 г. Арыядна Іванаўна Казей стала заслужанай настаўніцай Беларусі, у 1968 г. атрымала ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы, была ўзнагароджана ордэнам Леніна, медалямі.

Акрамя педагагічнай дзейнасці Арыядна Іванаўна вяла вялікую грамадскую работу: была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, уваходзіла ў склад Рэвізійнай камісіі ЦК Камуністычнай партыі Беларусі.

Арыядна Іванаўна прыклала шмат намаганняў, каб захаваць памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. У снежні 1967 г. у СШ № 28 быў адкрыты Музей баявой партызанскай славы. Арыядна Казей прымала непасрэдны ўдзел у яго арганізацыі: перадала на захаванне ўласныя рэчы, фотаздымкі і дакументы брата. Музей баявой партызанскай славы СШ № 28 існуе і цяпер. Яго экспазіцыя налічвае каля чатырохсот экспанатаў. Вучні-экскурсаводы расказваюць аб дзейнасці 200-й партызанскай брыгады імя К.К. Ракасоўскага (сюды ўваходзіў і атрад “25 гадоў Кастрычніка”), аб жыцці і подзвігах Марата і Арыядны Казей, падпольшчыцы Машы Брускінай, воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Коблікава. У музеі рэгулярна праводзяцца ўрокі мужнасці, урачысты прыём у Беларускую рэспубліканскую піянерскую арганізацыю (БРПА) і Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ).

Арыядна Іванаўна вырасціла дваіх дзяцей, дачакалася ўнукаў, выхавала некалькі соцень удзячных вучняў.

 

 

Арыядна Іванаўна Казей з дачкой Арыяднай і сынам Андрэем

 

Памяць пра сям’ю Казей старанна захоўваецца ў Беларусі і за яе межамі: аб жыцці Арыядны і Марата напісаны кнігі, зняты фільмы, імя яе брата Марата Казея носяць вуліцы і піянерскія дружыны.