

Расійскі вучоны-філосаф, педагог, логік і матэматык Соф’я Аляксандраўна Яноўская нарадзілася ў мястэчку Пружаны Пружанскага павета Гродзенскай губерні (цяпер г. Пружаны Брэсцкай вобласці). У раннім дзяцінстве разам з бацькамі пераехала ў Адэсу. Вучылася ў жаночай гімназіі, якую скончыла з залатым медалём. У 1914 г. С.А. Яноўская паступіла на прыродазнаўчае аддзяленне Вышэйшых жаночых курсаў. У 1919 г. уступіла ў рады Чырвонай арміі, дзе вяла палітычную работу. З 1920 па 1923 г. працавала ў Адэскім губкаме партыі бальшавікоў. У 1924–1929 гг. вучылася ў Маскоўскім інстытуце чырвонай прафесуры (ІЧП). Адначасова з вучобай С.А. Яноўская выкладала матэматыку, вяла семінар па метадалогіі матэматыкі і прыродазнаўчых навук для студэнтаў і аспірантаў у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце (МДУ). У 1931 г. атрымала званне прафесара ІЧП і МДУ, а ў 1935 г. стала доктарам фізіка-матэматычных навук. Усё далейшае жыццё С.А. Яноўскай было непарыўна звязана з механіка-матэматычным факультэтам МДУ. Тут яна прачытала дзясяткі самых разнастайных курсаў, кіравала семінарамі і аспірантамі, стварыла сваю навуковую школу філасофіі матэматыкі.
Першае самастойнае даследаванне «Категория количества у Гегеля и сущность математики» С.А. Яноўскай было апублікавана ў 1928 г. Шмат часу прысвяціла даследчыца вывучэнню матэматычных рукапісаў К. Маркса. Гэта была велізарная праца, якая запатрабавала расшыфроўкі рукапіснага матэрыялу, што быў напісаны на некалькіх мовах, правядзення дакладнага аналізу тэксту і інш. У 1933 г. быў надрукаваны вялікі артыкул С.А. Яноўскай «О математических рукописях К. Маркса». Кніга «Математические рукописи» К. Маркса (сумесна з К.А. Рыбнікавым) з падрабязнымі каментарыямі С.А. Яноўскай была надрукавана ў 1968 г.
У навуковай дзейнасці даследчыцы пытанні філасофіі, метадалогіі і гісторыі матэматыкі заўсёды былі цесна пераплецены. Для развіцця даследаванняў па гісторыі матэматыкі вялікае значэнне меў спецыяльны семінар, арганізаваны С.А. Яноўскай. Яе цікавілі перш за ўсё механізмы ўзнікнення і развіцця асноўных паняццяў і метадаў, раскрыццё асноўных заканамернасцей развіцця навукі («Мишель Ролль как критик анализа бесконечных малых» (1947), «О мировоззрении Н.И. Лобачевского» (1950), «Из истории аксиоматики» (1958) і інш.). Працы С.А. Яноўскай па гісторыі матэматыкі адрозніваюцца павышанай увагай да базавых пытанняў станаўлення матэматычнай навукі, глыбінёй апрацоўкі зыходных гістарычных матэрыялаў.
Велізарную ролю адыграла арганізацыйная дзейнасць С.А. Яноўскай, накіраваная на выданне логіка-матэматычнай літаратуры ў СССР, фарміраванне новых навуковых структур лагічнага профілю. У 1948 г. у зборніку «Математика в СССР за тридцать лет. 1917–1947» выйшаў першы яе вялікі агляд, што складаўся з аналізу дасягненняў айчынных логікаў-матэматыкаў. Другі выйшаў у 1959 г. у зборніку «Математика в СССР за сорок лет. 1917–1957». Гэтыя агляды аказалі значны ўплыў на станаўленне лагічных даследаванняў у краіне.
Пад яе рэдакцыяй, з прадмовай і каментарыямі выйшлі пераклады кніг «Основы теоретической логики» Д. Гільберта і В. Акермана (1947, 2000), «Введение в логику и методологию дедуктивных наук» А. Тарскага (1948, 2000), «Математическая логика» Р.Л. Гудстэйна (1961, 2-е выд., 2010) і інш.
Вялікае значэнне надавала С.А. Яноўская прыкладным пытанням матэматычнай логікі і яе прымяненню ў тэхніцы, кібернетыцы і іншых галінах. У 1960 г. пад яе рэдакцыяй і з прадмовай выйшаў пераклад кнігі «Может ли машина мыслить?» А. Цьюрынга. У сваёй прадмове С.А. Яноўская прааналізавала з пазіцыі філасофіі найбольш цяжкую праблему кібернетыкі аб суадносінах магчымасцей чалавека і машыны. Паўторнае выданне гэтай кнігі адбылося ў 2020 г.
Блізкія пытанні разгледжаны ў двух іншых працах С.А. Яноўскай: «О философских вопросах математической логики» і «Преодолены ли в современной науке трудности, известные под названием «апорий Зенона»?», што былі апублікаваны ў 1963 г. у зборніку «Проблемы логики». Значную ролю ў папулярызацыі логіка-матэматычных ведаў адыграла заснаваная С.А. Яноўскай кніжная серыя «Математическая логика и основания математики», у рамках якой выйшлі многія працы па названай тэматыцы як замежных, так і айчынных вучоных.
За плённую навуковую дзейнасць С.А. Яноўская была ўзнагароджана ордэнам Леніна і трыма медалямі.
Усе асноўныя працы вучонага па гісторыі, метадалогіі і філасофіі матэматыкі былі выдадзены ўжо пасля яе смерці: «Методологические проблемы науки» (1972, 2-е выд., 2006; 3-е выд., 2009), «Лекции по алгебре логики» (2015), «Логика и философия математики» (2016), «Передовые идеи Н.И. Лобачевского – орудие борьбы против идеализма в математике» (2018).