Беларусь і ААН: гісторыя ўзаемаадносін

24 кастрычніка 2025 г. споўнілася 80 гадоў з часу стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый

Ідэя стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН) сфарміравалася ў час Другой сусветнай вайны і была выклікана імкненнем умацаваць міжнарожнае супрацоўніцтва і распрацаваць агульны механізм прадухілення ўзброеных канфліктаў і іншых пагроз бяспецы. Абмеркаванне планаў пасляваеннага мірнага ўрэгулявання пачалося яшчэ вясной 1943 г., калі ў баявых дзеяннях вызначыўся карэнны паварот на карысць антыгітлераўскай кааліцыі. На віле Думбартан-Окс каля Вашынгтона з 21 па 28 жніўня 1944 г. адбылася сустрэча дэлегацый СССР, ЗША, Вялікабрытаніі і Кітая, у ходзе якой якой былі зацверджаны асноўныя палажэнні праекта Статута ААН. З 4 па 11 лютага 1945 г. адбылася Ялцінская (Крымская) канферэнцыя, дзе сустрэліся кіраўнікі СССР, ЗША і Вялікабрытаніі. На адным з паседжанняў гэтай канферэнцыі было прынята рашэнне аб уваходзе Беларускай і Украінскай Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік у лік краін-заснавальніц ААН. 25 красавіка 1945 г. у Сан-Францыска адбылося адкрыццё міжнароднай канферэнцыі ААН. 8 мая гэтага ж года беларуская дэлегацыя пад кіраўніцтвам міністра замежных спраў БССР Кузьмы Кісялёва прыступіла да выканання сваіх абавязкаў і ўнесла свой уклад у распрацоўку Статута ААН. У склад дэлегацыі ўваходзілі вучоныя Антон Жэбрак і Уладзімір Перцаў, пісьменнік Міхась Лынькоў. 30 жніўня 1945 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР ратыфікаваў Статут ААН, які набыў сілу 24 кастрычніка гэтага ж года. Менавіта 24 кастрычніка штогод адзначаецца як Міжнародны дзень Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

З 1958 г. дзейнічае інстытут пастаянных прадстаўнікоў БССР (з 1991 г. ‒ Рэспублікі Беларусь) пры ААН. 8 верасня 1992 г. у Мінску пачало дзейнічаць Прадстаўніцтва ААН у Рэспубліцы Беларусь.

 

Мэты дзейнасці ААН

 

Згодна са Статутам ААН асноўнай мэтай дзейнасці гэтай арганізацыі з’яўляецца падтрымка міжнароднага міру і бяспекі з дапамогай калектыўных мер для прадухілення і ліквідацыі пагрозы міру і падаўлення актаў агрэсіі або іншых парушэнняў міру мірнымі сродкамі, уладжванне або вырашэнне міжнародных спрэчак або сітуацый, якія могуць прывесці да парушэння міру, у адпаведнасці з прынцыпамі справядлівасці і міжнароднага права.

Дасягненне гэтай мэты забяспечваецца з дапамогай вырашэння наступных задач:

‒ забеспячэнне здаровага ладу жыцця і аховы здароўя для ўсіх узроставых катэгорый;

‒ забеспячэнне наяўнасці і рацыянальнага выкарыстання водных рэсурсаў і санітарыі;

‒ павелічэнне ўзроўню граматнасці насельніцтва, забеспячэнне усеагульнай і якаснай адукацыі і магчымасці навучання на працягу ўсяго жыцця;

‒ зніжэнне няроўнасці унутры краін і паміж імі;

‒ ліквідацыя галечы ва ўсіх яе формах;

‒ барацьба з голадам і забеспячэнне харчовай бяспекі;

‒ дасягненне ўстойлівага эканамічнага росту, стабілізацыя рынку працоўнай занятасці;

‒ барацьба са змяненнем клімату і інш.

 

Структура ААН

 

Галоўнымі органамі ААН з’яўляюцца: Генеральная Асамблея, Савет Бяспекі, Эканамічны і сацыяльны савет, Савет па апецы, Міжнародны суд, Сакратарыят, шэраг дапаможных спецыялізаваных устаноў.

Краінамі-членамі ААН лічацца 193 дзяржавы. З 1 студзеня 2017 г. Генеральным сакратаром арганізацыі з’яўляецца патругальскі дзяржаўны дзеяч Антоніу Гутэрыш.

 

Дзейнасць Беларусі ў ААН (1945‒2025)

 

З пачатку існавання ААН Беларусь прымае актыўны ўдзел у рабоце гэтай арганізацыі. У 1946 г. на першай сесіі Генеральнай Асамблеі дэлегацыя БССР прапанавала праект рэзалюцыі «Аб выдачы і пакаранні ваенных злачынцаў», якая была адобрана 13 лютага гэтага ж года. У далейшым наша краіна працягвала работу, якая была звязана з расследваннем ваенных злачынстваў і непрымяненнем тэрмінаў даўніны ў адносінах да іх. Дэлегацыя БССР таксама прымала ўдзел у абмеркаванні такіх пытанняў, як адказ ад прымянення атамнай энергіі ў ваенных мэтах, асуджэнне прапаганды вайны ў любой форме, барацьба з фашысцкім палітычным рэжымам у Іспаніі. У 1950-я гг. дыпламатычная актыўнасць БССР была накіравана на вырашэнне праблем бежанцаў, перамешчаных асоб і апатрыдаў. У 1960-я гг. прадстаўнікі беларускай дэлегацыі падтрымлівалі барацьбу за скасаванне каланіялізму і прадастаўленне незалежнасці каланіяльным краінам. У 1966 г. БССР падпісала Канвенцыю аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі і ратыфікавала яе ў 1969 г. Па прапанове нашай рэспублікі Генеральнай Асамблеяй была прынята рэзалюцыя аб абароне асоб, затрыманых або пазбаўленых волі за барацьбу супраць апартэіду, расізму і расавай дыскрымінацыі, каланіялізму, агрэсіі і замежнай акупацыі. У 1973 г. БССР была выбрана членам Савета Бяспекі на 1974‒1975 гг. У 1985 г. з нагоды 40-гадовага юбілею ААН у нашай краіне быў праведзены шэраг мерапрыемстваў: Нядзеля дзеянняў па раззбраенні, урокі міра ў школах, лекцыі ў працоўных калектывах, антываенныя акцыі і інш. У другой палове 1980-х гг. у сувязі з Чарнобыльскай трагедыяй набылі актуальнасць тэмы экалогіі і радыяцыйнай бяспекі. У 1989 г. БССР была выбрана ў Выканаўчы савет ЮНЭСКА. У 1990 г. на тэрыторыі нашай дзяржавы ўступіла ў сілу Канвенцыя аб правах дзіцяці.

З абвяшчэннем незалежнасці Рэспубліка Беларусь істотна пашырыла магчымасці свайго ўдзелу ў міжнародным шматбаковым супрацоўніцтве, вырашэнні сусветных праблем. Наша краіна стала першай постсавецкай дзяржавай, якая адмовілася ад ядзернай зброі і вывела яе са сваёй тэрыторыі ў канцы 1996 г. Беларусь падтрымлівае Дагавор аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, Дагавор аб усёабдымнай забароне ядзерных выпрабаванняў, Канвенцыю аб забароне хімічнай зброі, Канвенцыю аб забароне біялагічнай і таксіннай зброі.

У XXI ст. намаганні Беларусі ў межах дзейнасці ААН накіраваны на прапанову ініцыятыў, якія адпавядаюць асноўным кірункам унутранай і знешняй палітыкі, усебаковаму адлюстраванню нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, прыродаахоўнай і сацыяльна-гуманітарнай сферах, іх замацаванне ў выніковых дакументах і рашэннях Генеральнай Асамблеі, удзел у абмеркаванні прапаноў па рэфармаванні і ўмацаванні сістэмы ААН.

Беларусь актыўна супрацоўнічае з шэрагам устаноў, агенцтваў, спецыялізаваных арганізацый сістэмы ААН: Праграмай развіцця ААН (ПРААН), Дзіцячым фондам ААН (ЮНІСЕФ), Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый па пытаннях адукацыі, навукі і культуры (ЮНЕСКА), Міжнародным валютным фондам (МВФ), Сусветным банкам, Еўрапейскай эканамічнай камісіяй (ЕЭК), Арганізацыяй Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА), Канферэнцыяй ААН па гандлі і развіцці (ЮНКТАД), Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя (СААЗ), Упраўленнем ААН па наркотыках і злачыннасці (УНЗ) і інш.

Прадстаўніцтва ААН у Беларусі прымае ўдзел у рэалізацыі наступных сацыяльна-значных праектаў:

‒ падтрымка праграм і праектаў у сферы аховы здароўя, накіраваных на барацьбу з ВІЧ/СНІД і туберкулёзам, прафілактыку і лячэнне неінфекцыйных захворванняў;

‒ ахова навакольнага асяроддзя і прыродакарыстання, паляпшэнне энергетычнай эфектыўнасці;

‒ павышэнне ролі навукі ў грамадстве;

‒ развіццё міжкультурнага дыялогу, ахова нематэрыяльнай культурнай спадчыны;

‒ забеспячэнне гендарнай роўнасці;

‒ супрацоўніцтва ў галіне нацыянальнай дэмаграфічнай палітыкі;

‒ дапамога ў выкананні міжнарожных абавязкаў па абароне бежанцаў, ліквідацыі апатрыду;

‒ барацьба з гандлем людзьмі;

‒ інфармаванне насельніцтва аб дзейнасці ААН і інш.

Праграма супрацоўніцтва ААН і Беларусі на 2021‒2025 гг. прадугледжвае развіццё зялёнай энергетыкі і прыстасаванне да змяненняў клімату, укараненне інавацый і выкарыстанне лічбавых тэхналогій у інтарэсах устойлівага развіцця, пашырэнне правоў і магчымасцей мясцовых суполак і інш.

У 2021 г. Беларусь прыняла ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні спецыяльнага памятнага пасяджэння Генеральнай Асамблеі з нагоды 35-й гадавіны Чарнобыльскай катастрофы, шэрага іншых мерапрыемстваў. Штогод наша краіна прымае актыўны ўдзел у канферэнцыях, пасяджэннях і сесіях ААН. У Дырэктыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 12 «Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы» ад 9 красавіка 2025 г. падкрэсліваецца, што Рэспубліка Беларусь з’яўляецца дзяржавай-заснавальніцай ААН і раўнапраўным суб’ектам міжнародных адносін, паслядоўна выступае ў падтрымку ініцыятыў па ўмацаванні рэгіянальнай і глабальнай бяспекі, мірным урэгуляванні ўзброеных канфліктаў, усебаковым супрацоўніцтве ў Еўропе.

 

Яшчэ больш інфармацыі пра Арганізацыю Аб’яднаных Нацый змяшчае віртуальная выстава «Создание и развитие Организации Объединённых Наций: к 80-летию ООН», размешчаная на партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.