

Ёсць вучоныя, якія сваёй даследчай і практычнай дзейнасцю спрыяюць развіццю цэлых навуковых напрамкаў. Да іх ліку адносіцца Ларыса Аляксандраўна Мурына – вядомы філолаг, педагог, аўтар фундаментальных работ і вучэбных дапаможнікаў па методыцы выкладання рускай мовы ў агульнаадукацыйных установах.
Нарадзілася Л.А. Мурына ў в. Куляшыха Хараўскага раёна Валагодскай вобласці Расіі ў шматдзетнай сям’і. У 1947 г. разам са старэйшай сястрой пераехала ў Баранавічы. Пасля заканчэння ў 1953 г. школы ў Нясвіжы паступіла ў Баранавіцкі двухгадовы настаўніцкі інстытут. Прафесійная дзейнасць Л.А. Мурынай пачалася ў 1955 г. у Брэсцкай вобласці, дзе яна да 1958 г. выкладала рускую мову і літаратуру ў Ружанскай сярэдняй школе. Па сямейных абставінах пераехала ў Баку. У 1963 г. скончыла Азербайджанскі педагагічны інстытут моў і на працягу некалькіх гадоў працавала ў навучальных установах Баку. У 1968 г. Л.А. Мурына абараніла кандыдацкую дысертацыю. З лютага 1970 г. на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна (БДУ) вяла курс методыкі выкладання рускай мовы, спецсемінар па праблеме культуры маўлення вучняў у сярэдняй школе, чытала лекцыі па методыцы мовы і рыторыцы. У 1986 г. у Маскоўскім дзяржаўным педагагічным інстытуце абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Методические основы обучения культуре русской речи в школах Белоруссии». Праз год стала прафесарам.
У чэрвені 1988 г. Л.А. Мурына стала загадчыкам кафедры методыкі выкладання рускай і беларускай моў і літаратур БДУ (пазней перайменавана ў кафедру рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры). У 1993 г. стала намеснікам дэкана, праз тры гады – дэканам філалагічнага факультэта БДУ. З 2005 г. працавала ў навукова-метадычнай установе «Нацыянальны інстытут адукацыі» Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Сферай навуковых інтарэсаў Л.А. Мурынай з’яўляліся праблемы культуры маўлення, выбар перспектыўных метадаў і прыёмаў выкладання рускай мовы і рыторыкі, беларуска-рускія моўныя ўзаемаадносіны. Ларыса Аляксандраўна прымала ўдзел у распрацоўцы «Канцэпцыі моўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь», у стварэнні праграм па рускай мове для сярэдняй школы з рускай і беларускай мовамі навучання, праграмы па рыторыцы для вучняў 10–11 класаў сярэдняй школы.
Яна з’яўляецца аўтарам манаграфій, вучэбных дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў, падручнікаў для сярэдняй школы, апублікавала больш за 250 навуковых і вучэбна-метадычных работ. Сярод іх – «Культура русской речи в школах с белорусским языком обучения» (1982) і «Развитие связной речи учащихся: 4–6-е классы» (1985), «Риторика: учебник для 10–11-х классов общеобразовательной школы» (1994), «Риторика: курс лекций» (2002, у суаўтарстве), «Русский язык» (2011, у суаўтарстве) і інш.
Навукова-педагагічную дзейнасць Л.А. Мурына сумяшчала з грамадскай. Яна ўзначальвала спецыялізаваны Савет БДУ па абароне доктарскіх дысертацый па методыцы мовы і літаратуры, з’яўлялася членам Вучонага савета Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта па абароне кандыдацкіх дысертацый, уваходзіла ў рэдакцыю часопіса «Веснік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Серыя 4. Філалогія. Журналістыка. Педагогіка. Псіхалогія» і інш. Прафесар Л.А. Мурына з’яўлялася заснавальнікам метадычнай школы, якая садзейнічала навуковаму росту і павышэнню кваліфікацыі педагагічных работнікаў. Пад яе кіраўніцтвам былі падрыхтаваны і выкананы доктарскія і кандыдацкія дысертацыі па методыцы выкладання рускай і беларускай моў у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі.
За значны ўклад ва ўдасканаленне сістэмы філалагічнай адукацыі рэспублікі Л.А. Мурына неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Яна – заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1999), уладальніца знакаў «Выдатнік народнай адукацыі БССР» (1981), «Отличник высшей школы СССР» (1986).