Да юбілею Генрыха Хрыстафоравіча Татура

17 верасня 2026 г. спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння археолага, гісторыка, краязнаўца і калекцыянера Генрыха Хрыстафоравіча Татура

Сярод археолагаў XIX – пачатку XX ст. вылучаецца постаць антыквара, даследчыка беларускіх старажытнасцей Генрыха Хрыстафоравіча Татура.

Яго дакладнае месца нараджэння невядома. Па некаторых звестках нарадзіўся Г.Х. Татур у Слоніме, па іншых – у Мінску. Паходзіў з апалячанай беларускай шляхецкай сям’і каталіцкага веравызнання. Яго бацька быў прадвадзіцелем слонімскага павятовага дваранства. Праз пэўны час і Г.Х. Татур быў абраны павятовым маршалкам. Ён рана зацікавіўся гісторыяй: зборам і даследаваннем старажытнасцей ён пачаў займацца ў 14-гадовым узросце. Спецыяльнай археалагічнай адукацыі ён не меў, аднак як член Мінскага статыстычнага камітэта ў 1874 г. атрымаў дазвол на археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Мінскай губерні, што дапамагло яму значна павялічыць свае калекцыі. Перыяд даследаванняў у Мінскай губерні аказаўся надзвычай плённым: была складзена археалагічная карта з падрабязным апісаннем курганоў, гарадзішчаў, насыпаў, замкаў, памятных камянёў і інш. Даследчык вёў раскопкі каля в. Калюжыцы, Крушына, Курганне, Русалішча і інш. На працягу 1890 г. даследаваў 120 курганоў каля в. Дулебы і Няюнішчы Ігуменскага павета, у 1892 г. – 40 курганоў каля в. Станькава, у 1893 г. – 40 курганоў каля в. Прылукі Мінскага павета. Ён распрацаваў спецыяльныя анкеты для валасных пісараў і настаўнікаў народных вучылішчаў, куды заносіліся звесткі пра вядомыя помнікі старажытнасці. У выніку паездак па Міншчыне ў 1893 г. Г.Х. Татур падрыхтаваў вялікі альбом археалагічных помнікаў. У пачатку 1890-х гг. атрымаў дазвол мясцовых улад на пошук і збор царкоўнай даўніны на Віцебшчыне.

Нягледзячы на адсутнасць адпаведнай навуковай і метадычнай падрыхтоўкі, Г.Х. Татур валодаў шырокімі ведамі аб археалагічных помніках Беларусі. Разнастайныя апісанні знаходак і іх візуальных прыкмет адлюстраваны ў яго гісторыка-краязнаўчых працах, якія і на сённяшні дзень прадстаўляюць цікавасць. Самыя значныя з іх – «Археологическое значение Минской губернии» (1878) і «Очерк археологических памятников на пространстве Минской губернии и ее археологическое значение» (1892).

 

 

Частка навуковай спадчыны даследчыка, што зараз захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы, засталася ў рукапісах: «История Заславля», «История Станькова», «Исторический очерк местечка Турова, прежней столицы удельного Туровского княжества»; праект адкрыцця публічнай бібліятэкі ў Мінску і інш. Генрых Татур валодаў унікальнай бібліятэкай, якая налічвала каля 6500 тамоў і ўключала калекцыі рукапісных і старадрукаваных кніг (у тым ліку «Біблію» Ф. Скарыны, Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г., кнігі з нясвіжскай бібліятэкі Радзівілаў і інш.). У 1897 г. Г.Х. Татур пераклаў на беларускую мову верш Я. Чачота «Прадкі», аўтарам якога памылкова лічыў У. Сыракомлю.

Адным з самых значных яго дасягненняў было стварэнне ў Мінску прыватнага музея па гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі, дзе захоўвалася вялікая калекцыя старажытных рэчаў і кніг.

Пасля смерці даследчыка яго зборы былі прададзены і вывезены за мяжу. Ёсць верагоднасць, што частка калекцыі Г.Х. Татура знаходзіцца ў Музеі ўкраінскага мастацтва, створанага І. Свянціцкім.